Змяніць кодэкс у бок не пакарання, а прафілактыкі - даручэнне Кіраўніка дзяржавы

29 декабря 2019
Дзясяткі артыкулаў могуць знікнуць з Адміністратыўнага кодэкса, а памер штрафаў паменшыцца. За аплату на месцы ўчынення адміністратыўнага правапарушэння адразу будзе зніжка. Пакуль фігуруе лічба 50 %. Гэтыя, як, зрэшты, і іншыя варыянты ўжо разглядаюцца міжведамаснай экспертнай камісіяй па падрыхтоўцы комплексных прапаноў аб карэкціроўцы КоАП. Змяніць кодэкс у бок не пакарання, а прафілактыкі - даручэнне Кіраўніка дзяржавы.

Мяркуецца паменшыць і колькасць органаў, якія маюць права складаць адміністратыўныя пратаколы. На сёння іх 79. Гэта, мабыць, занадта. У гэтым святле нядзіўнай выглядае статыстыка апошніх пяці гадоў: 16 мільёнаў адміністратыўных парушэнняў, амаль 4 мільёны чалавек пакараныя. Пры гэтым толькі летась суды спынілі 52 000 падобных спраў. Вялізную колькасць пратаколаў складаюць, каб выканаць план па адміністратыўных парушэннях. Гэтая сістэма і выклікала крытыку Прэзідэнта. У цяперашнім варыянце закон працуе ўжо больш за 10 гадоў і відавочна адстаў ад жыцця.

Сярод надзённых пытанняў і тэрміны, калі інфармацыя аб учыненым адміністратыўным парушэнні можа быць пададзеная таму або іншаму дзяржоргану. Бывае, што звесткі пра штраф становяцца прычынай фарміравання негатыўнага ўяўлення аб грамадзяніне і могуць адмоўна адбіцца, напрыклад, пры прыёме на працу. Як зрабіць так, каб гэтага не адбывалася, - таксама рабочае пытанне для створанай камісіі. Акрамя таго, прапаноўваецца зняць ніжнюю мяжу штрафаў, калі правіна не нясе ў сабе вялікай грамадскай небяспекі. 

У працу па лібералізацыі адміністратыўных правапарушэнняў з першага дня ўключылася і МУС. У прыватнасці, ужо абмежавана выкарыстанне мабільных камер фотафіксацыі на дарогах. Успышкі парушэнняў пакуль не назіраецца. У перспектыве ДАІ плануе адмовіцца ад выкарыстання і ручных радараў.

Прапаноў па карэкціроўцы Адміністратыўнага кодэкса чакаюць і ад беларусаў. Свае прапановы можна накіроўваць да 24 студзеня 2020 года на партал pravo.by. А таксама непасрэдна ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі і ўсе яго акаўнты ў сацыяльных сетках.