У цэнтральным рэгіёне абнаўленне ў структуры кіраўніцтва

16 января 2019

З сённяшняга дня адразу ў некалькіх раёнах новыя старшыні выканкамаў.

Вілейскім раёнам з гэтага часу будзе кіраваць Алег Бегунец. Сёння ён атрымаў пасведчанне старшыні з рук губернатара Мінскай вобласці Анатоля Ісачанкі. Да гэтага Алег Бегунец займаў пасаду першага намесніка старшыні Старадарожскага выканкама. Гэта малады кіраўнік з вялікім вопытам работы ў эканоміцы і аграпрамысловым комплексе.

Павялічваць тэмпы росту прамысловасці, дыверсіфікаваць экспарт, ствараць новыя працоўныя месцы і у той жа час развіваць сацыяльную сферу. Гэта адны з задач, якія ставіць перад сабой старшыня гарвыканкама Жодзіна. Горад з гэтага часу узначаліў Дзмітрый Заблоцкі. Карэнны жодзінец - прайшоў працоўны шлях ад простага рабочага да намесніка дырэктара на БелАЗе, апошні час курыраваў прамысловасць, энергетыку і транспарт у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Сярод маладых кіраўнікоў цэнтральнага рэгіёна і новы старшыня Пухавіцкага райвыканкама. Ім стаў Віктар Каляда, які раней узначальваў Лагойскі раён. Заўтра новых старшынь райвыканкамаў прадставяць у Клецку і Нясвіжы.