Ад засухі мяльчэюць рэкі, засыхаюць пасевы і ўтвараецца складаная пажаранебяспечная сітуацыя ў лясах

17 июня 2018

У медыкаў і ў беларускіх ратавальнікаў зараз няпросты час. Працы дадала і занадта сонечнае надвор'е. Так, яго мы чакалі даўно, але не чакалі, што май паб'е ўсе рэкорды і стане самым цёплым за ўвесь перыяд метэаназіранняў.

Самым цёплым і сухім. У выніку складаная пажаранебяспечная сітуацыя ў лясах - уведзена забарона на іх наведванне. Засуха пагражае і беларускаму ўраджаю. Ад доўгай адсутнасці дажджоў на поўдні краіны гараць азімыя і ярына. Трава выгарала на пашах. Аграрыі такія метэаўмовы завуць экстрэмальнымі і спрабуюць усімі сіламі выратаваць хоць бы частку пасеваў.

Узровень вады апусціўся ў некаторых буйных рэках краіны!

Пра магчымыя рызыкі і пра тое, ці можна паправіць сітуацыю, даведвалася Вікторыя Патоня. Мікалай Шкурын - капітан з 22-гадовым стажам. З сумам успамінае часы, калі з Гомеля хадзілі судны да Кіева і Херсона. За апошнія 15 гадоў водная артэрыя змялела, і вялікім суднам тут ужо не разгарнуцца. Гэты год стабільна трымае антымарку: узровень вады ў Сожы падае ўжо некалькі тыдняў. Афіцыйнай забароны на рух суднаў пакуль няма. Але іх працу прыродная анамалія ўскладніла.

Мікалай Шкурын, капітан пасажырскага цеплахода філіяла РТУП "Беларускае рачное параходства" "Рачны порт "Гомель": 

"Зараз узровень вады зваліўся да крытычнага. Грузавыя перавозкі амаль не здзяйсняюцца. У нізоўях ужо амаль немагчыма для цеплахода. Зараз на перакатах гарантаваныя глыбіні - 80-90 см. Гэта для флота ўжо крытычныя моманты. Флот увесь павінен стаяць у порце".

Цеплаход для турыстычнага Гомеля - візітная картка. Выпадкі, калі ён не мог выйсці да сваіх пасажыраў праз спад узроўню вады, ужо былі. Такі сцэнарый спецыялісты не выключаюць і гэтым летам. За суткі рэкі мяльчэюць максімум на 9 сантыметраў. Сітуацыя пагаршаецца на Дняпры ля Жлобіна, Рэчыцы, Лоева і на Бярэзіне ля Светлагорска. Дарэчы, гістарычны мінімум па абмяльчэнні зафіксавалі тры гады таму. Пакуль цяперашнія адзнакі далёкія ад тых паказчыкаў. Аднак гідролагі гавораць: калі лета і далей будзе засушлівым, рэкорд можа быць пабіты.

Аксана Лосева, інжынер-гідролаг філіяла "Гомельаблгідрамет": 

"Праз дэфіцыт ападкаў няма падсілкоўвання рэкам, і таму адбываецца паніжэнне ўзроўню вады. Калі становішча будзе захоўвацца ў такім жа тэмпературным рэжыме пры дэфіцыце ападкаў, узроўні вады будуць працягваць зніжацца".

Калі вада патрэбна рэкам, што ўжо гаварыць пра зямлю! Глеба ператварылася ў пыл. Недабор ападкаў у некаторых раёнах краіны дасягнуў 80 %. Дождж у Маларыцкім раёне мясцовыя жыхары бачылі апошні раз у красавіку. Трава выгарала на пашах, пакутуе збожжа. На гэтым полі ў СВК "Дарапеевічы" пякучага сонца не вытрымаў трыцікале, не сфарміраваўся колас. 115 гектараў прыйшлося перасяваць. Зараз тут кукуруза, якая, калі вырасце, пойдзе на корм жывёлам. Без вільгаці знікаюць і гэтыя пасевы - сумесь гароху з аўсом. Замест сакавітага зялёнага дывану - кволыя, знясіленыя спёкай расліны. Пажыўнага бялку, які неабходны каровам, у іх амаль не засталося. Вялізныя сродкі і праца дзясяткаў людзей вылятаюць у трубу. У гаспадарцы падлічваюць страты.

Аграрыі завуць сітуацыю катастрафічнай і, як могуць, ратуюць ураджай. Паліваюць гародніну, але тэхнікі хапае на невялікія палі. Ваду бяруць са студняў, мясцовых каналаў і рэк. Кожная кропля зараз на ўліку ў вяскоўцаў, дачнікаў і фермераў. Паліваць гароды прыходзіцца па некалькі гадзін. Газоны ў некаторых вёсках нагадваюць стэп. Такой пустэльнай спёкі не памятаюць нават старажылы.

Страшна як суха ў Гомельскай вобласці. Тэмпературны фон перавысіў норму на 7 градусаў. І гэта абсалютны рэкорд за ўсю гісторыю метэаназіранняў. У ворным пласце вільгаці няма на 20 сантыметраў углыб. Толькі ў гэтай гаспадарцы згарэла 354 гектары палёў са збожжам. Ільвіную долю займае трыцікале. Замест чаканых 35 цэнтнераў з гектара атрымалася б сабраць толькі 5. Сэнсу пакідаць такія пасевы няма. Тэхніцы прыходзіцца зноў прайсці кожны метр, каб засеяць плошчы новым насеннем.

Наяўны ўраджай пойдзе на корм. Такім спосабам выратаваць хоць нешта спрабуюць і ў Петрыкаўскім, Жлобінскім, Рэчыцкім раёнах.

Пачатак лета анамальны і для ягад, гаворыць фермер Аляксандр Бярэзін. Раннія і познія гатункі клубніц паспелі амаль адначасова. Ад недахопу вільгаці клубнічны сезон хутка сканчаецца. На плантацыях фермера прадугледжаны кропельны паліў, таму ўраджай сакавітай ягады радуе. За дзень на продаж адпраўляюць каля адной тоны клубніц.

Гарачая пара ў леснікоў. Ад засухі за апошнія тры месяцы толькі ў Брэсцкай вобласці лясных пажараў зафіксавана ў два разы больш, чым за ўсё лета 2017 года. У агні пацярпелі звыш 200 гектараў лясных угоддзяў.

Праз працяглую засуху ў лясах Беларусі ўведзена надзвычайнае становішча. Аб'яўлены чацвёрты клас пажарнай небяспекі. Заезд у лясы забаронены! Пра гэта сведчаць вось такія шлагбаумы і папераджальныя таблічкі: для парушальнікаў штраф - да 25 базавых велічынь.

Выявіць своечасова дым або полымя дапамагаюць сучасныя тэхналогіі. Зоркае вока - на вышцы назірання. Амаль сотня відэакамер працуе ў рэжыме нон-стоп і бачыць на адлегласці 30 км. Лясніцтвы працуюць без выхадных. Арганізавана патруляванне ўчасткаў і сталае дзяжурства. На Палессі назіраецца самы высокі клас пажарнай небяспекі - пяты. Але гэта не стрымлівае ўпартых ягаднікаў. Недасведчаных на першы раз папярэджваюць, а тых, хто распальвае вогнішчы і мангалы, караюць рублём. Вось такі чорны след па сабе пакінулі адпачывальнікі ў Чарнаўчыцкім лясніцтве. Пацярпела амаль паўгектара хваёвага лесу. Дрэвы раслі 60 гадоў, а загінулі за некалькі гадзін.

Але ёсць у засушлівым надвор'і і сваё хараство, сцвярджаюць навукоўцы-батанікі. У спёку заквітнелі дзюнавыя лугі. Ва ўсёй красе паўсталі перакаці-поле, картузіянскі гваздзік і іншыя стэпавыя расліны. Дарэчы, біятоп паводле Бернскай канвенцыі з'яўляецца ахоўным.

Прагноз надвор'я зараз сярод найважнейшых навін. Сіноптыкі дажджы ўсё ж абяцаюць. Але толькі мясцовыя. Эксперты перакананыя: каб глеба назапасіла вільгаці, неабходныя ўмераныя і працяглыя ападкі.