З-за пацяплення ў Беларусі вялікая верагоднасць паводак

3 апреля 2018

У Беларусь ідзе доўгачаканае цяпло. Ужо заўтра па поўдні краіны да 18-ці градусаў. А, як вядома, дзе вясновы значны плюс, там вялікая верагоднасць паводак. Ад падтапленняў пакутуюць не толькі вяскоўцы, чые дамы ў нізінах, але і гараджане. Напрыклад, жыхары магілёўскай новабудоўлі не могуць трапіць у свае кватэры. Дом літаральна заліты талай вадой з суседняга поля. Яшчэ адна сур'ёзная праблема - рыбакі. Аматары зімовага адпачынку, грэбуючы ўласнай бяспекай, спрабуюць злавіць удачу за хвост. Праўда, часам гэта заканчваецца сумна. Наконт сітуацыі на беларускіх рэках расказвае Аляксандр Харавец.

Хочаш выйсці на вуліцу - ідзі ў акно. Апошнія два дні Вераніцы Юшкевіч, як і ўсёй яе сям'і, даводзіцца карыстацца альтэрнатыўным выхадам з дома. Вада затапіла двор і адрэзала ўсе шляхі.

Возера ля дома ў вёсцы Калядзічы ўтварылася ўсяго за ноч. Гаспадары да такога сцэнарыя гатовыя не былі. Гавораць: такі патоп у іх упершыню.

Прычына мясцовага патопу, па словах жыхароў, у ліўнёўцы. Трубу праклалі тут яшчэ гадоў 20 таму і ўсё закаталі асфальтам. Аднак аб прачыстцы сістэмы ніхто не турбаваўся. Усё пусцілі на самацёк. І калі вадзе не было куды дзявацца, яна спынілася ў агародах і падвалах дамоў.

Вікторыя Співакова расказвае: з праблемай водаадвядзення не раз звярталася ў розныя інстанцыі. Аднак мясцовыя ўлады гавораць: за сваёй тэрыторыяй гаспадары павінны сачыць самі.

На гэты раз на дапамогу мясцовым жыхарам прыйшлі ратавальнікі. Другія суткі тут працуе магутная помпа. Абсталяванне кожную секунду адпампоўвае 100 літраў.

Вясновае разводдзе ўжо які год запар – сапраўднае бедства для жыхароў мікрараёна Казіміраўка ў Магілёве. Вада з палёў сцякае прама на прысядзібныя ўчасткі, ператвараючы іх у басейны. Другія суткі тут патоп. Камунальныя службы абяцаюць праблему вырашыць.

У вадзе апынуліся і з паўсотні дамоў у Бабруйскім, Быхаўскім, Бялыніцкім і Кіраўскім раёнах. Падтоплены два ўчасткі дарог у Магілёве агульнай працягласцю каля паўтара кіламетра. І ўсё ж нягледзячы на пацяпленне магілёўскія гідролагі адзначаюць паніжэнне вады ў рэках вобласці.

Раман Рабаў яшчэ не да канца зразумеў, што падарыў другі дзень нараджэння 60-гадовай жанчыне. Гаворыць: некалькі дзён таму ён разам з бацькам ішоў ля Цнянскага вадасховішча. Раптам убачылі - на тонкі лёд выбег сабака. Следам за ім гаспадыня. Аднак ледзяны панцыр не вытрымаў, і пенсіянерка пайшла пад ваду. Не разважаючы, 10-класнік кінуўся на дапамогу. Жанчыну з пераахаладжэннем даставілі ў бальніцу. Зараз яе жыццю нішто не пагражае.

А вось падарыць яшчэ адзін дзень нараджэння гэтым рыбакам ратавальнікі могуць і не паспець. Нягледзячы на папярэджанні і гісторыі з сумным канцом, аматары падлёднай рыбалкі не спяшаюцца змотваць вуды. І гэта нягледзячы на тое, што сіноптыкі прагназуюць у найбліжэйшыя дні да плюс 18.