З-за ападкаў быў часова абмежаваны рух грамадскага транспарту ў Мінску

25 мая 2016

План рэагавання на надзвычайныя сітуацыі "Пасейдон" уведзены ратавальнікамі ў Мінску. Прычына - моцны лівень і град. З-за моцных парываў ветру і ападкаў быў часова абмежаваны рух грамадскага транспарту на перакрыжаваннях вуліц Каліноўскага і Кнорына, Багдановіча і Кальцова, Крупскай і Малініна. На дарогах працавала спецтэхніка, якая ачышчала ліўнёвыя сцёкі. Зараз аўтобусы і тралейбусы працуюць у штатным рэжыме і рухаюцца па маршруце без спазненняў. Маніторынг сітуацыі вядуць усе адказныя службы. Праліўныя дажджы месцамі прагназуюць сіноптыкі на працягу ўсяго дня. МНС раіць аўтаўладальнікам загаддзя не пакідаць аўто ў нізінных месцах і там, дзе магчымыя падтапленні.