З-за галалёдзіцы ў сталіцы пацярпелі больш за сотню чалавек

2 февраля 2015

З-за галалёдзіцы толькі ў сталіцы за мінулыя суткі пацярпелі больш за сотню чалавек. Трэць з іх шпіталізаваныя.

Падрабязнасці - у рэпартажы Улады Карніцкай.

Калі балюча, то, хутчэй за ўсё, пералом. Чэргі ў прыёмных аддзяленнях, а прычына траўмы ў медкарце - падзенне. Сюды, у 6 сталічную бальніцу, гавораць медыкі, пацыенты паступаюць практычна кожныя 15-20 хвілін. Асабліва раніцай перад працай і вечарам - ужо пасля

Валерый Вусаў, выконваючы абавязкі загадчыка прыёмнага аддзялення Гарадскога цэнтра траўматалогіі і артапедыі 6-ай гарадской клінічнай бальніцы г. Мінск: "Часцей за ўсё, вядома, сёння сустракаліся пераломы верхніх і ніжніх канечнасцяў і ў меншай ступені пашкоджанні капсульна-звязкавага апарату розных суставаў".

Усяго за 2 дні зімовыя чаравікі на гіпс толькі ў гэтай клініцы змяніла практычна паўсотні беларусаў. Яшчэ столькі ж таксама не выстаялі на лёдзе. Пашанцавала больш - абышлося без пераломаў. Анатоля Дзядко сюды напярэдадні прывезлі сваякі. Менавіта ад іх ішоў мужчына па сталічнай вуліцы Багдана Хмяльніцкага вечарам дахаты. І не дайшоў.

Яно і зразумела, бо толькі пачысціць зараз дарогі не досыць, гавораць спецыялісты. Мінімум - трэба пасыпаць.

Тут, на сталічнай вуліцы Багдана Хмяльніцкага, па сутнасці пасля выхадных, нічога не змянілася. І калі праезная частка не слізкая, то на тратуарах галалёд. Прычым у межах квартала вуліцы застаюцца не пасыпанымі ні рэагентамі, ні пяском.

І такая сітуацыя сёння не толькі на гэтай вуліцы. Пры гэтым камунальнікі гавораць, працуюць у поўную сілу. Толькі сёння ў дварах вуліц беларускай сталіцы працавалі больш як 5 тысяч чалавек і паўсотні машын раскідвалі пясок. Самыя слізкія ўчасткі пасыпаюць антыгалалёднымі сумесямі. Іх толькі ў мінскіх дварах сёння рассыпалі больш як 200 тон.

Галіна Гілевіч, намеснік генеральнага дырэктара ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Мінгарвыканкама: "Ёсць у нас, вядома ж, участкі якія не замацаваныя за пэўнымі людзьмі, то збіраюцца брыгадамі па чарзе тыя раёны, якія мы правяралі - гэта Фрунзенскі , Заводскі, часткова Першамайскі былі заўвагі, але яны не маштабнага характару праца, вядома, ёсць і яшчэ ёсць над чым працаваць на нашых тэрыторыях".

Ёсць яшчэ над чым працаваць і дарожнікам. Толькі за мінулыя выхадныя ў краіне адбылося ледзь больш як 400 аварый, 130 з іх - у Мінску. Ужо сёння, яшчэ з раніцы, чысціць сталічныя дарогі выехала амаль тры з паловай сотні спецмашын. Пры гэтым спецыялісты гавораць, што вялікая праблема ўсё-такі - тратуары

Анатоль Жалюздзік, намеснік генеральнага дырэктара па бягучым утрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання ДВА "Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама": "На сёння праезная частка прасцей трохі. А на тратуарах больш складаная праца. Па той прычыне, што тут не ходзіць транспарт. І процігалалёдныя сумесі працуюць не так. У нас на пешаходных тратуарах, спусках лесвічных штодня працуе больш як 750 чалавек".

У такім жа рэжыме прыбіраць вуліцы будуць і заўтра. Згодна з прагнозам сіноптыкаў, на гэтым тыдні ў Беларусі чакаецца пахаладанне. Тэмпература ўначы можа дасягаць да мінус 10 градусаў. Пры гэтым днём у некаторых раёнах нашай краіны слупок тэрмометра паднімецца вышэй за нуль. А значыць, некалькі дзён галалёд на дарогах яшчэ захаваецца.