З Куршавеля да Сочы на веласіпедзе!

13 февраля 2014

Наўрад ці можна паспрачацца з тым, што для спартсмена алімпійскі п'едэстал - галоўная мара. Яна спраўдзілася сёння ў Мартэна Фуркада, у аўторак у Дар'і Домрачавай. Зрэшты, не менш прывабныя галоўныя старты чатырохгоддзя для балельшчыкаў. На што толькі не ідуць людзі, каб трапіць на Алімпійскія гульні!


Прыклад: адзін з валанцёраў, амерыканец, каб прайсці конкурс 300 чалавек на месца, заявіў, што ведае адыгейскую мову. Праверыць гэта ў ЗША не змаглі. Другі валанцёр пераадолеў дзве з паловай тысячы кіламетраў на веласіпедзе.


Андрэй Іваноў - пра асаблівы дух, уласцівы толькі алімпіядам. З Куршавеля да Сочы на веласіпедзе! Дзве з паловай тысячы кіламетраў гэты імпазантны мужчына пераадолеў менш чым за месяц.


Джэкі Дэло, валанцёр: Калі я даведаўся, што змагу працаваць валанцёрам, вырашыў ехаць у Расію на веласіпедзе. Запрашаў з сабой сяброў, але ніхто не адважыўся.


У адно імгненне ён стаў самым папулярным валанцёрам: здымкі, інтэрв'ю.


Джэкі Дэло, валанцёр: З Францыі я паехаў у Італію, да Адрыятычнага мора. Затым сеў на паром, даплыў да Албаніі, праехаў па ёй, перасёк Грэцыю і Турцыю. У Турцыі сеў на самалёт і прызямліўся ў Адлеры.


Гатовы праехаць і 10 тысяч кіламетраў, - гаворыць Джэкі, - у мяне ў жылах кроў спартсмена. Бацька на Гульнях у Альбервілі быў пятым у скачках з трампліна.


Дарэчы, валанцёрстваваць Дэло-малодшы будзе ў вотчыне бацькі. Купіць сувенір, схадзіць на хакей і сфатаграфавацца з алімпійскімі кольцамі - гэта абавязковы мінімум для кожнага балельшчыка і валанцёра. Часам нават складваецца ўражанне, што фота на памяць важнейшае за спартыўны складальнік.


Вольны час балельшчкаў тут прадуманы дасканала. Імправізаваныя выступленні днём змяняюцца прафесійнымі канцэртамі вечарам.


Фікрэ Вондафраш, фізіятэрапеўт зборнай ЗША па канькабежным спорце: У Алімпійскім парку ўсё прадумана дасканала. Галоўнае, што ўсё ў крокавай даступнасці. Людзі, якія дапамагаюць, вельмі лагодныя і адкрытыя. Увогуле, нам камфортна.


Тут жа выстава дасягненняў расійскіх рэгіёнаў. Арганізатары пад адным дахам змясцілі ўсё лепшае, што ёсць у краіне, зрабіўшы стаўку на арыгінальнасць.


Самай прывабнай атрымалася экспазыцыя чалябінскай дэлегацыі, якая прывезла сувеніры з элементамі знакамітага метэарыта. Іх падораць лепшым спартсменам, якія заваююць алімпійскае золата 15 лютага. Менавіта ў гэты дзень год таму асколкі нябеснага цела ўпалі на паўднёваўральскую зямлю.