З Бабруйска ў Мінск - без перасадак

5 апреля 2013

Зараз дабірацца з райцэнтра ў сталіцу стала прасцей.  Ад станцыі Мінск-Пасажырскі сёння адправіўся першы электрацягнік.  Наш карэспандэнт Юрый Пракапенка  стаў адным з першых пасажыраў і ўжо ацаніў перавагі.


 


Расказвае Юрый Пракапенка: Да нядаўняга часу бабруйчанам дабірацца да Мінска было вельмі нязручна. Не паспеў узяць білет на праходны цягнік,  чакай дызель.  Потым ехаць да Асіповіч, а там чакаць электрычку. Можна прачакаць і гадзіну, і паўтары. Зараз гэта не проста эканомія часу, але і камфорт.


Уладзімір Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі: Гэты цягнік адносіцца да лініі бізнес-класа і яго задача - камфорт. На маршруце Мінск - Бабруйск ён будзе спыняцца толькі ў Асіповічах. Для дачнікаў гэта не падыходзіць. Таму для лініі эканамкласа мы будзем выкарыстоўваць іншы цягнік. Ён будзе абслугоўваць асноўны пасажырапаток.


Штодня з Бабруйска зараз будуць адпраўляцца 2 электрацягнікі і 5 у выхадныя дні. Білетаў хопіць усім, тым больш што  студэнты з Мінска едуць  у гэтыя дні дадому.


І гэта не проста ўдасканаленне транспартных камунікацый. Гэта эканомія ў маштабах усёй краіны. Таму на нядаўняй сустрэчы з кіраўніком кампаніі-вытворцы хуткасных электрычак  Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён гатовы выслухаць прапановы швейцарскага боку па актывізацыі адносін з Беларуссю. А таксама адзначыў, што гэта найважнейшы праект і ніякіх затрымак тут быць не павінна.


Анатоль Сівак, Міністр транспарту і камунікацый Беларусі:


Па абслугоўванні гэты цягнік зусім іншы, чым ранейшыя электрычкі. У яго няма калодак, якія трэба змяняць. Ён тармозіць электрарухавіком і выпрацоўвае электраэнергію.


Праект па электрыфікацыі наша магістраль рэалізуе сумесна з кітайскімі партнёрамі. Сумесны праект ацэньваецца ў 170 мільёнаў долараў.


Юй Шэнгжы, віцэ-прэзідэнт кітайскай кампаніі па экспарце і імпарце электраабсталявання: Гэта ўжо другі праект. У нас яшчэ ёсць праект па пастаўцы кітайскіх электравозаў. Беларускія партнёры аказалі нам вялізную дапамогу,   мы ім удзячныя.


Сёлета ў Беларускай чыгункі чарговы юбілей - 50 гадоў з пачатку электрыфікацыі. Пачатак руху электрацягнікоў па маршруце Мінск - Бабруйск можна разглядаць як новы крок у развіцці беларускай магістралі.