З Ан-2 створаць знішчальнік часоў Вялікай Айчыннай

12 мая 2020
Легендарны знішчальнік часоў Вялікай Айчыннай з "кукурузніка" Ан-2 збіраюць энтузіясты - выкладчыкі і студэнты агралесатэхнічнага каледжа ў Буйнічах. Незадзейнічаную ў палявых работах машыну ім бязвыплатна перадало сельгаспрадпрыемства "Світанак". Зараз наперадзе складаная праца па пераробцы корпуса самалёта, абнаўленні рухавіка. Каб стварыць гразу нямецкіх фокераў Ла-5.  На такім у гады вайны адкрыў свой баявы рахунак тройчы Герой Савецкага Саюза Іван Кажадуб і лётаў Марэсьеў. 

Канстанцін Міхалёнак, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага  агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага: "Мы будзем здымаць рухавік разам з маторным адсекам, таму што ён вельмі моцна падобны на маторны адсек Ла-5 ФН-знішчальніка. Г.зн. мы яго амаль без змен пакінем. І на падставе яго будзем ужо рабіць потым каркас знішчальніка. Працы шмат, каласальна. З такім мы яшчэ не сутыкаліся".

Знішчальнік зойме сваё месца ў музеі пад адкрытым небам каледжа, дзе ўзноўленыя падзеі 44-га  - фарсіраванне Дняпра і вызваленне Магілёва.