Вынікі жніва-2018 сёння падводзяць у паўночным рэгіёне Беларусі

28 сентября 2018

Абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” сабраў хлебаробаў, чыя нялёгкая праца вартая павагі і, вядома, узнагарод. Сталіцай сельскагаспадарчага свята стаў Верхнядзвінск. Лепшыя экіпажы камбайнёраў, вадзіцеляў і калектывы СВК-лідараў павіншаваў кіраўнік Віцебскай вобласці. Гандлёвыя рады ператварылі галоўныя вуліцы горада ў пешаходныя. Гэты дзень жыхарам запомніцца яшчэ і тым, што сёння ў Верхнядзвінску адкрылася некалькі сацыяльна значных аб'ектаў. Пра галоўныя падзеі свята раскажа Вольга Маслоўская.

Сельскагаспадарчы год яшчэ не завершаны, і не ўся тэхніка сышла з палёў, але за плячыма вельмі важная і адказная кампанія - уборка хлеба. Лепшых хлебаробаў паўночнага рэгіёна сёння сустракае Верхнядзвінск. У гэтым статусе горад ужо год, і за гэты час прыкметна папрыгажэў. Да Дажынак тут пабудавалі і абнавілі 200 аб'ектаў. Самым чаканым стаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам.

А гэтаму новаму 12-кватэрнаму дому ў народзе далі мянушку Дажынкавы. У кватэрах палепшанай планіроўкі будуць жыць сем'і маладых спецыялістаў. Ключ са шчаслівым нумарам 7 - у сям'і Астаховіч.

Да Дажынак у Верхнядзвінску з'явіўся незвычайны і, мабыць, адзіны ў свеце памятны знак... паводкам. Горад стаіць на Заходняй Дзвіне. Рэдкі год падчас вясновай паводкі Верхнядзвінск не з’яўляецца ў зводках МНС. Вось на такой шкале адзначаныя ўзроўні ўздыму Дзвіны ў розныя гады.

Рака стала адной з лакацый свята. Байцы МНС паказыталі гледачам нервы, паказаўшы, на што здольныя ў вадзе, на зямлі і ў паветры. А заадно вінтакрылымі машынамі разагналі дажджавыя хмары, якія з раніцы абрынулі на Верхнядзвінск лівень. Надвор'е і сёння было не на баку аграрыяў. Засушлівае лета нагадала пра сябе. Каравай Прыдзвіння аказаўся не такім вялікім, як чакалася. Ды ўсё ж паўночны рэгіён першым у краіне выканаў дзяржзаказ па збожжы.

Сёлета на поўначы краіны 151 экіпаж камбайнёраў пераадолеў тысячную мяжу намалоту. І ўпершыню ў гісторыі ў вобласці з'явіліся два экіпажы-чатырохтысячнікі. Лепяльчанін Леанід Аляксеенка з памочнікам - абсалютныя лідары жніва з намалотам 4412 тон збожжа.

Лідары ўборачнай у святочным шэсці прайшлі па галоўнай вуліцы горада. Са сцэны - словы падзякі ад кіраўніка вобласці. Пераможцы жніва-2018 павязуць са сталіцы Дажынак падарункі. У лепшых гаспадарках аўтапарк папоўняць новыя трактары.