Вынікі паспяховага праекта з Еўрасаюзам падвялі сёння беларускія вайскоўцы

13 мая 2016

9 гадоў таму Узброеныя сілы Беларусі і нашы заходнія суседзі запусцілі амбіцыйны праект. Яго мэтай было стварыць унікальны комплекс па захоўванні і ўтылізацыі стралковай зброі - пісталетаў і аўтаматаў. Эксперты ацанілі перспектывы і напрацоўкі нашай краіны ў гэтым кірунку. Як высветлілася, беларуская мадэль можа стаць добрым прыкладам для іншых краін.

Падрабязнасці ў Юрыя Шаўчука.

На першы погляд можа здацца, што гэта цэх на звычайным заводзе. На самай жа справе зварачны апарат знаходзіцца на ўзбраенні ў ваеннай часці. З яго моцай на базе 25-га арсенала вайскоўцы знішчаюць зброю.

Усе гэтыя ўзоры сваё ўжо адпрацавалі. Большасць ствалоў былі спісаны па тэрміне прыдатнасці. Але ёсць сярод гэтага арсенала і сапраўдныя экспанаты.

Знішчаецца тут толькі сучасная зброя, такая, як пісталет Макарава або вінтоўка СВД. Гэта Вінтоўка Мосіна, якая не вырабляецца ўжо з 1943, і такой зброі ў нас у краіне вельмі шмат, і ўсе гэтыя ўзоры прыязджаюць сюды.

Існуе цэлая сістэма па ўтылізацыі зброі, неабходна гэта, перш за ўсё, для бяспекі. На працягу года ўсе спісаныя ствалы збіраюць у вайсковых часцях, каб адправіць на 25 арсенал. Далей металалом. Але кантроль над апламбаванымі скрынямі заканчваецца толькі тады, калі тое, што знаходзіцца ўнутры, апусцяць у распаленую лаву на Жлобінскім металургічным заводзе. Як высветлілася, такая беларуская мадэль можа стаць добрым прыкладам і для іншых краін.

Беларускія вайскоўцы зрабілі сур'ёзны крок у гэтым кірунку, калі запусцілі сумесны праект з Еўрасаюзам. Пасля гэтага нашы заходнія суседзі сталі прымаць актыўны ўдзел у стварэнні ўнікальнай сістэмы па захоўванні і знішчэнні спісанага арсенала ў Беларусі.

Джым Казенс, кіраўнік аддзела палітыкі, прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі:

"Для Еўрасаюза праект утылізацыі лёгкай стралковай зброі вельмі важны. Беларусь знаходзіцца на мяжы з Еўрапейскім саюзам, і калі ёсць імавернасць пападання зброі ў рукі тэрарыстаў, гэта можа ўяўляць небяспеку не толькі для Беларусі, але і для Еўрасаюза".

За 9 гадоў супрацоўніцтва закуплена неабходнае абсталяванне і створаны цэлыя комплексы для ўтылізацыі зброі. Асобную ўвагу варта надаць камп'ютарнай праграме па ўліку узораў, якія адстралялі. Софт у рамках міжнароднага праекта быў спраграмаваны ў нас у краіне. І зараз гэта праграмнае забяспечанне выкарыстоўваецца не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх іншых еўрапейскіх краінах.

Яшчэ больш трэба будзе зрабіць. Як гавораць спецыялісты, гэта партнёрства можа даць старт і іншым амбіцыйным праектам Беларусі і Еўрасаюза ў ваеннай галіне.