Вынікі чарговага народнага кантролю сёння агучыла Федэрацыя прафсаюзаў

12 октября 2017

 Нагадаем, летам аб'яднанне прадоўжыла маніторынг цэн на прадукты, каб не дапусціць неабгрунтаванага росту. Даследаванне ахапіла амаль 300 гандлёвых аб'ектаў. Як змяніліся цэны на прадукты, даведалася Наталля Тарасюк.

На гэты раз народны кантроль ахапіў 274 гандлёвыя пункты па ўсёй краіне. Гэта і магазіны крокавай даступнасці, супер- і гіпермаркеты. Характэрна, што ўсе цэны на прадукты, як і падчас маніторынгу кошту лекаў, таксама заносіліся ў спецыяльна распрацаваную электронную форму.

Яна адкрываецца на мабільным тэлефоне. Гэта не толькі зручна (ніякіх нататнікаў і ручак), але і хутка. Таму маніторынг цэн на прадукты Эдуард Залкоўскі паспяхова сумяшчаў з сямейнымі паходамі ў магазін. Трэба ўсяго толькі выбраць з формы патрэбны тавар, паглядзець на цэннік на паліцы і паказаць кошт. А яшчэ - пакласці тавар у свой кошык, калі ён у спісе пакупак.

Эдуард Залкоўскі, удзельнік маніторынгу: "На самай справе, спрабуем сумяшчаць паходы ў магазін з абавязкамі па маніторынгу. Прыходзім з жонкай і дзецьмі, купляем нешта сабе, уношу ў прыкладанне. Усё гэта апрацоўваецца аналітычным цэнтрам федэрацыі".

Так усе цэны на тавары ў спісе - хлеб, мяса, крупы, гародніну, рыбу, садавіну, муку, малочныя прадукты, чай (усяго 98 найменняў) - з 137 раёнаў краіны сцякаліся ў адзіны цэнтр. Усю інфармацыю прааналізавалі. Вынікі сацыяльна значнага даследавання агучаныя сёння.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "За апошнія тры месяцы мы бачым стабілізацыю цэн, і гэта нас радуе. Мы бачым па шэрагу прадуктаў невялікае, але паніжэнне цэн. Гэта датычыцца не толькі сезоннай гародніны, але і свініны, некаторых круп".

Разам з тым, у федэрацыі адзначаюць рост цэн на сухія малочныя сумесі для дзіцячага харчавання. Павышэнне расходаў на гэту пазіцыю асабліва адбіваецца на беларускіх сем'ях. Таму прафсаюзы маюць намер і далей уважліва адсочваць змены кошту і з дапамогай ужо кампетэнтных ведамстваў разбірацца ў нюансах такога цэнаўтварэння.