Вынікі маштабнага нацыянальнага дабрачыннага марафону "Нашы дзеці" агучылі журналістам

23 января 2016

Звыш 8 тысяч навагодніх і калядных ранішнікаў па ўсёй краіне і амаль мільён дзіцячых усмешак. 

Сёлета, каб кожны маленькі беларус знайшоў свой падарунак пад ёлкай, атрымалася сабраць амаль 31 мільярд рублёў. Гэта на два мільярды больш чым летась. Зімовае свята наладзілі ва ўсіх дзіцячых дамах і дамах сямейнага тыпу, хоспісах і сацыяльных прытулках. Актыўна прымалі ўдзел сёлета зоркі беларускай эстрады і спорту, банкіры, бізнесмены, байкеры і проста неабыякавыя беларусы. Сваімі сіламі яны збіралі сродкі і куплялі для малых спартыўны інвентар і бытавую тэхніку, канцтавары і салодкія падарункі. Асабліва актыўнай гэтым разам была моладзь, што і сімвалічна, бо 2015-ты прайшоў у Беларусі як Год моладзі.

Яшчэ адна добрая традыцыя, якая прыжылася за гісторыю акцыі, гэта адкрыццё дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў пярэдадзень зімовых святаў. Гэтым разам - новыя будынкі адкрыліся ў Клічаўскім і Крычаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Да канца года дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Беларусі стане яшчэ на 15 больш.