Па традыцыі з асаблівым хваляваннем каманда Агенцтва тэленавін рыхтуе пераднавагоднія эфіры. У распрацоўцы апошняга “Галоўнага эфіру” гэтага года прынялі ўдзел каля паўсотні чалавек. Гэта аўтары, прадзюсары, аператары, святло- і гукарэжысёры, вядучыя. Асноўная лакацыя размясцілася за 100 км ад Мінска. Сюды прыехаў мабільны ПТС-комплекс на 4 камеры, экран і суфлёры. Адзін з домікаў сядзібы на суткі ператварыўся ў рэжысёрскую, суседні - адыграў ролю грымёрнай. Стваралі такую тэлестудыю 30 чалавек за кадрам, у кадры 2 вядучых і 5 святочных лакацый. Адны для падвядзення палітычных вынікаў года, іншыя забаўныя. Акрамя таго, у сядзібу прыехалі артысты, каб зрабіць музычны падарунак гледачам нашага канала.
Сяргей Гусачэнка, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі: "Снежань не радуе снежным надвор'ем, але навагодні антураж мы тут паспрабавалі стварыць самі. На працягу гэтага года адбылося вельмі шмат падзей, цікавых, важных падзей у краіне і за мяжой у сферы палітыкі, спорту, культуры і ў іншых сферах. Вядома, пра гэта ўсё мы хочам распавесці гледачу, каб усім разам яшчэ раз успомніць пра самыя яркія моманты 2019".
Ілья Крэўчык, загадчык аддзела рэжысёраў Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Мы пачалі думаць пра гэта месяцы тры таму. Зразумела, былі выезды, пошукі месца. Вызначылі мы на месцы. Сюды прыязджалі разы тры, каб прыстраляцца да мясцовасці, зразумець, якія лакацыі будуць задзейнічаныя, што наогул тут мы можам прыдумаць".
Нягледзячы на пахмурнае надвор'е, усе рэжысёрскія задумкі ўдалося рэалізаваць. Мы запрашаем усіх гледачоў падвесці вынікі года разам у "Галоўным эфіры" 2019 у апошнюю нядзелю снежня. На "Беларусь 1".
Вынікі года падвядзём у навагоднім "Галоўным эфіры"
27 декабря 2019













