Вынікі 78-га першынства па хакеі

26 мая 2014

Першы рабочы дзень без чэмпіянату свету па хакеі. Сёння ноччу галоўнае спартыўнае свята гэтага года адышло ў гісторыю, але надоўга запомніцца мінчанам і, зразумела, гасцям сталіцы. Дзе пабывалі, што пакаштавалі і колькі грошай пакінулі ў сталіцы самыя заўзятыя балельшчыкі? Вынікі 78-га першынства па хакеі - у Антаніны Станкевіч.



Больш за 2 з паловай мільёны чалавек. Менавіта столькі людзей прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах за два апошнія тыдні. Наогул гэты чэмпіянат ужо называюць рэкардсменам: Мінск-Арэну, Чыжоўка-Арэну а таксама фанзоны, зоны гасціннасці і іншыя турыстычныя аб'екты наведалі амаль 700 тысяч балельшчыкаў.


Самымі запатрабаванымі месцамі ў сталіцы, акрамя дзвюх спартыўных арэн, вядома ж, сталі зоны гасціннасці ля студэнцкай вёскі і каля Палаца спорту. З задавальненнем турысты наведвалі і вулічныя праграмы і канцэрты. Сярод экскурсій самым запатрабаваным стаў аглядальны тур па Мінску.


Некаторым турыстам падчас вялікага свята хакею, на жаль, спатрэбілася медыцынская дапамога. Часцей за ўсё балельшчыкі скардзіліся на праблемы з ціскам, траўмы ці страту прытомнасці. Усяго за два тыдні па дапамогу звярнуліся 175 чалавек, але толькі 20 з іх шпіталізавалі.


Колькі ж зарабілі сталічныя прадпрыемствы падчас чэмпіянату свету - зараз падлічваюць. Пакуль дакладна вядома: толькі ў зонах гасціннасці турысты пакінулі амаль 50 мільярдаў рублёў. Гэта без уліку таго, колькі грошай яны пакінулі ў іншых сталічных кафэ, магазінах і забаўных цэнтрах.