IT-тэхналогіі ў сталічных паліклініках

26 ноября 2013
Электронная амбулаторная карта, талоны праз Інтэрнэт, інфакіёскі і кол-цэнтр. Сталічныя паліклінікі адкрытыя для інавацый і сучасных тэхналогій. Кожная медыцынская ўстанова так ці інакш далучаецца да паўсюднага працэсу інфарматызацыі. Зараз на рабочых месцах урачоў ўстаноўлены камп'ютары з лакальнай сеткай, а ў пацыентаў замест папяровай з'яўляецца электронная амбулаторная карта.

Як прыжываюцца IT-тэхналогіі ў сталічных паліклініках і дзе можна атрымаць электронны рэцэпт - ведае Надзея Сербіненка.

Візіт кожнага пацыента ў 34-ю сталічную паліклініку пачынаецца з хола на першым паверсе. Раней, каб заказаць талон да патрэбнага урача, усе звярталіся ў рэгістратуру. Зараз не трэба. Усю работу выканае вось гэты тэрмінал. Як у банку.

Пакуль кантакт-цэнтр ёсць далёка не ў кожнай паліклініцы сталіцы. Між тым, іх перавага відавочная. За адзін дзень працы два аператары адказваюць амаль на 700 званкоў. На шматканальную тэлефонную лінію адначасова могуць дазваніцца адразу некалькі чалавек.
Кантралюе складаны тэхнічны інфармацыйны працэс аддзел статыстыкі. Без працы IT-спецыяліста сучаснай паліклініцы ўжо не абысціся.

Ірына Сямёнаўна, урач-эндакрынолаг са стажам, да працы з віртуальнымі гісторыямі хваробы прызвычаілася хутка. Ад папяровых амбулаторных карт цалкам пакуль адмовіцца нельга. Але зараз кожны візіт пацыента, яго стан, вынікі аналізаў, урач уносіць у электронную базу даных.

Яшчэ адно ноу-хау медыцынскай установы - электронны рэцэпт. Пакуль яго трэба друкаваць на спецыяльным шаблоне, але ў найбліжэйшых планах - перадача фармацэўтычнай заяўкі праз Інтэрнэт адразу ў аптэку.

Для таго каб атрымаць электронны рэцэпт, трэба найперш звярнуцца да свайго урача. А ён у сваю чаргу выбірае пэўны прэпарат з электроннай базы даных. А ўжо потым трэба ісці ў аптэку. Дарэчы, неабходныя лекі можна атрымаць у любой аптэцы краіны.

Працэс інфарматызацыі пачаўся ў паліклініцы шэсць гадоў таму. Безумоўна, прывыкнуць да сучасных техналогій спачатку было складана. Зараз амаль у кожнага супрацоўніка - свой персанальны камп'ютар.

Праект электронная чарга таксама хутка ўвасобіцца ў жыццё. Каля працэдурных кабінетаў, дзе заўсёды натоўп людзей, будуць усталяваны інфакіёскі. А эксперымент па стварэнні электроннай амбулаторнай карты плануецца пачаць у 2015 годзе.