Гісторыя кахання дэльфіна і русалкі ў новым шматгалосым выкананні. Казка для дзяцей Пра што спяваюць дэльфіны? прыйшлася да спадобы многім маленькім чытачам. Кнігу беларускага аўтара-аматара ацанілі і літаратурныя крытыкі - за наватарства ў дзіцячай літаратуры.
Каб даведацца, пра што ўсё ж такі спяваюць дэльфіны, з маладой казачніцай сустрэлася Надзея Сербіненка. Вольгу ў сям'і называюць чалавек-аркестр. Працуе дзяўчына ў інфармацыйным агенцтве дызайнерам: вярстае выпускі, а ў вольны час фатаграфуе, малюе электроннымі фарбамі і запісвае трэкі. Захапленні выліліся ў яркае дзіцячае выданне з глянцавымі старонкамі. Казка распавядае пра неверагоднае каханне русалкі і дэльфіна. Вольга не толькі зрабіла ўсе ілюстрацыі да кнігі, але і запісала восем песень да яе.
Варта прызнаць, што гады акадэмічных вакальных заняткаў дапамаглі Вользе ў стварэнні аудыяафармлення. Нават сваю дыпломную працу яна прысвяціла дзіцячай літаратуры. Пасля навуковага аналізу беларускага кніжнага рынку стала відавочна, што канкурэнцыя вельмі высокая.
Сюжэт казкі нескладаны. Піраты выкралі русалку Урсулу і зачынілі яе ў клетцы. А залаты ключык з дапамогай папугая Ары знайшоў дэльфін Робі і вызваліў прыгажуню. З тых часоў яны сталі неразлучнымі. Дарэчы, усіх герояў казкі Вольга агучыла сама. І банду піратаў, і картавага папугая, і дэльфіна, які спявае.
Каб ператварыць казку ў сапраўдныя эмоцыі і ўражанні, мы разам з Вольгай і яе сям'ёй адправіліся ў месца, дзе жывуць дэльфіны, якія не толькі спяваюць, а і выступаюць.
Як можна ўявіць сабе казку пра дэльфінаў без сапраўдных жывых дэльфінаў? Акунуцца ў водны свет.
Дэльфіны зараз рыхтуюцца да выступлення і сустрэчы з маленькімі гледачамі. Вольга з асаблівымі пачуццямі штораз сустракаецца з героямі сваёй казкі. Яна з дзяцінства захапляецца гарэзлівасцю і чалавекалюбствам дэльфінаў.
Дэльфінатэрапія таксама набірае папулярнасць. Яна праводзіцца ў форме гульні, але абавязкова пад наглядам спецыяліста.
Любоў да дэльфінаў яднае мільёны людзей па ўсім свеце. І менавіта яна натхняе таленавітых беларускіх аўтараў ствараць літаратурныя шэдэўры для маленькіх чытачоў.














