Гісторыі поспеху самых таленавітых людзей Цэнтральнага рэгіёна

12 июля 2014

А мы працягваем расказваць гісторыі поспеху самых таленавітых людзей Цэнтральнага рэгіёна. Сёлета ў гэтым спісе і Ала Курда. Тынкоўшчыца з Дзяржынска прысвяціла сваёй прафесіі 30 гадоў. А яе брыгада штогод перавыконвае паказчыкі!


Надзея Сербіненка адправілася на будаўнічую пляцоўку ў Фаніпаль, каб пазнаёміцца з жанчынай, якая ведае тонкасці будаўнічай справы. Ірына Савіцкая - прараб будаўніцтва новага шматкватэрнага дома ў Фаніпалі. На рахунку яе каманды з дзясятак такіх праектаў. Жанчына разважае: з роляй начальніка - брыгадзіра ці прараба - прадстаўніцы слабога полу спраўляюцца ўдала. На будоўлі галоўнае - адказнасць і ўменне арганізаваць працу іншых.


Ужо трынаццаты год Ірына працуе ў звязцы з адной брыгадай тынкоўшчыкаў. Яе ўзначальвае Ала Курда, сёлета - Чалавек года Міншчыны. Прадукцыйнасць яе каманды з сямі чалавек ўразіла і журы конкурсу.


Пад кіраўніцтвам руплівага майстра Алы Курды навучыцца заціраць сцяну і рабіць яе роўнай можна даволі хутка. Але каб стаць прафесійным тынкоўшчыкам, вучыцца трэба некалькі гадоў.


Бравіла, цёрка, шпаталь, паўцёр і пэндзаль. Вось працоўныя інструменты тынкоўшчыка. Амаль за 30 год працы Ала спраўляецца з імі вельмі жвава. Майстар-клас па тынкавальнай справе - эксклюзіўна для нашай здымачнай групы.


22-гадовы выпускнік сталічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўжо заваяваў давер свайго брыгадзіра.


Асабістыя якасці жанчыны, яе стараннасць і арганізатарскія здольнасці адзначаюць усе. Да нялёгкай працы на будоўлі, прызнаецца гераіня, прызвычаілася даўно. А вось да звання Чалавек года Міншчыны пакуль не прывыкла.