Гісторыі пакалення пераможцаў. Віталь Закаблук

6 июля 2019

Мы працягваем раскрываць гісторыі пакалення пераможцаў. Віталь Закаблук. У 18 гадоў пайшоў на фронт з роднага Маладзечна і з перамогай дайшоў да Берліна. Паводле яго прызнання, за ўвесь час бітваў цудоўней за малую радзіму не бачыў гарадоў. Сакрэты даўгалецця ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны даведалася Юлія Токар

У Чырвоную армію 18-гадовы Віталь Закаблук пайшоў з роднага Маладзечна. Ваяваў у пяхотным падраздзяленні ў складзе 1-га Беларускага фронту. І добра памятае першы бой на Магнушэўскім плацдарме (60 кіламетраў на поўдзень ад Варшавы), як узімку па лёдзе пераходзілі Піліцу. Атака была начная. 

Перамогу Віталь Канстанцінавіч сустрэне ў Берліне. Ужо 2 мая яго падраздзяленне патрулявала вуліцы сталіцы Германіі: ахоўвала склады, ваенныя аб'екты. Сёння ён з гонарам паказвае свае медалі "За адвагу", "За вызваленне Варшавы", "За ўзяцце Берліна" і прызнаецца, што бачыў шмат гарадоў, але лепей за малую радзіму няма.

Парк Перамогі і знакаміты фантан з папараццю на цэнтральнай плошчы добра ведае і Пётр Лявонцьеў з Элісты. Кожныя пяць гадоў заслужаны будаўнік СССР прыязджае ў культурную сталіцу Мінскай вобласці і робіць на гэтым месцы памятнае фота. А ўсё таму, што ў 1944-м у складзе 1-га Прыбалтыйскага фронту вызваляў менавіта Маладзечна. 

На пінжаку Пятра Лявонцьева - ордэн Чырвонай Зоркі і мноства медалёў.  Аб кожным можна распавесці. І сёння ветэраны ахвотна дзеляцца часткай свайго лёсу, бо толькі так можна захаваць гісторыю пакалення пераможцаў.