Сапраўдны прыклад вернасці і служэння Радзіме. 25 гадоў Беларускаму саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане

13 марта 2018

Сапраўдны прыклад вернасці і служэння Радзіме. 25 гадоў сёння адзначае Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане. Са знамянальнай датай арганізацыю павіншаваў Прэзідэнт. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка: "Вашы згуртаванасць, сіла і ўпэўненасць годныя пераймання. Маючы заслужаны аўтарытэт, вы ўносіце значны ўклад у захаванне адзінства і згоды ў грамадстве, выхаванне маладога пакалення, па праве лічыцеся пераемнікамі баявой славы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны".

Са святам воінаў-інтэрнацыяналістаў таксама павіншаваў Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

З нагоды юбілейнай даты ў Мінску адбыліся ўрачысты сход і святочны канцэрт.

Валерый Гайдукевіч, старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане:

"Кіраўнік дзяржавы заўсёды да нас ставіўся даволі пазітыўна і заўсёды падтрымліваў нас. Мы таксама разумеем, што не ўсё можна вырашыць у адзін момант у дзяржаве, але ў наступным усе праблемы, якія ўзнікаюць, мы вырашаем. Знаходзім узаемаразуменне і ў мясцовых улад. У нас зараз 5 чалавек адзначаны падзякай Прэзідэнта, 7 чалавек прадстаўлены да ўрадавых узнагарод. Таму мы адчуваем клопат і імкнемся таксама прадукцыйна працаваць".

Вайна ў Афганістане доўжылася 9 гадоў і забрала жыцці 15 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў. Імёны загінуўшых беларусаў ушанаваныя на Востраве мужнасці і смутку ў Мінску.