Выпрабаванне даўжынёй 140 кіламетраў

29 июня 2015

Такі шлях пешшу пераадолеюць пілігрымы з Мінска, каб пакланіцца Будслаўскай Маці Божай. Сёння 250 чалавек сабраліся ў Архікатэдральным касцёле Дзевы Марыі, каб атрымаць благаславенне на добрую дарогу. Дарэчы, Мінск адзін з 15 гарадоў, адкуль ідуць паломнікі. Незалежна ад узросту вернікі нясуць да нябеснай заступніцы свае просьбы.

Аляксандра Драгун праводзіла ў дарогу пілігрымаў. Выпрабаванне ў сотні кіламетраў. Штогод напрыканцы чэрвеня католікі крочаць у Будслаў, каб пакланіцца Божай Маці. Пераадольваюць спёку, дождж і стомленасць. Так умацоўваюць сваю веру. Сёння парафіяне з Мінска рушаць да небяснай заступніцы. Папярэднічае пілігрымцы сумесная малітва.

Месцам сустрэчы вернікаў стаў Архікатэдральны касцёл Дзевы Марыі. Сёння на імшу сюды прыйшлі пілігрымы цэлымі сем’ямі. 250 чалавек вырашылі прайсці шлях даўжынёй 140 кіламетраў, каб загартаваць фізічную і духоўную сілы.

Шлях да Будслава хрысціяне праходзяць з малітвай і песнямі. Пілігрымаў, якія рушылі з Мінска, можна пазнаць па зялёных хустках на шыі. Нягледзячы на ўзрост кожны вернік нясе да Маці Божай свае патаемныя просьбы і патрэбы.

Сёлета ўрачыстасць у Будславе пройдзе пад дэвізам "Марыя – прытулак грэшных" як сімвал таго, што людзям неабходныя заступніцтва Божай Маці і яе падтрымка.

Плануецца, што пілігрымаў, якія толькі пешшу дабяруцца да Будслава, будзе каля 3 тысяч. Сустракаць паломнікаў будзе музычны калектыў, затым усе збяруцца на набажэнствы.

Сёлета парафіяне з 15 гарадоў рушылі ў пілігрымку. Да пешых вернікаў далучацца і парафіяне на веласіпедах. І ўжо 3 ліпеня сустрэнуцца ў Будславе і будуць у адзін голас праслаўляць нябесную заступніцу.