Выпрабаванне на трываласць

20 октября 2017

У апошнія дні мы нямала гаворым пра якасць жыцця, пра тое, як зрабіць так, каб наш побыт быў уладкаваны з камфортам. А як быць тым, хто воляю лёсу аказваецца не ў сілах задаволіць першарадныя патрэбнасці? Калі, напрыклад, паход у магазін становіцца выпрабаваннем на трываласць. На гарачую лінію Агенцтва тэленавін звярнуўся мужчына, які ўжо амаль 4 гады не можа без старонняй дапамогі выйсці на вуліцу. З-за хваробы ён пазбавіўся ногі, са дня на дзень ампуціруюць і другую. Мужчына сцвярджае, што мясцовыя ўлады ведаюць яго праблему, але як высветлілася, афіцыйнага звароту ён туды не накіроўваў, а пісаў у мясцовыя СМІ. І усё ж гэтая гісторыя не пра ліст, адпраўлены не таму адрасату. Юлія Грызунт прадоўжыць.

Як настала восень, сёлета Уладзімір Грэбень бачыў толькі з акна. Рэдкія выезды на ганак і яшчэ больш рэдкія - у магазін, толькі калі з іншага горада прыязджаюць сыны. Пандусам ля пад'езда не карыстаюцца нават мамы з каляскамі - занадта рэзкі спуск. Але і каб проста выйсці з дзвярэй, патрэбна дапамога нагі, якая працуе. Але хутка не застанецца і апошняй апоры.

У гэтым пад'ездзе пандус чакае не адзін Уладзімір. Суседка, убачыўшы здымачную групу, узрадавалася - нарэшце, мама зможа выязджаць на прагулку. Пытанне толькі ў тым, што ні ад Уладзіміра, ні ад астатніх жыхароў няма ні аднаго пісьмовага звароту. Толькі артыкулы ў мясцовай газеце.

У гэтым пад'ездзе пандус трэба рабіць "кругавым", гэта значыць рамонт зойме нямала часу. У мясцовым ЖКГ паабяцалі зрабіць усё магчымае, каб у канцы лістапада, калі Уладзіміра выпішуць з бальніцы, заехаць дадому ён змог без дапамогі сваякоў. За 2017 год у Жодзінскі гарвыканкам паступіла 3 такія звароты ад інвалідаў-калясачнікаў. Сёння ўсе яны ўжо могуць выязджаць на двор без старонняй дапамогі.

Старыя будынкі па меры фінансавых магчымасцяў таксама імкнуцца адаптаваць пад усіх жыхароў. Але, напрыклад, у найбліжэйшым магазіне ад Уладзіміра, пандус чамусьці перакрыты. А дабрацца ў супермаркет, які знаходзіцца крыху далей, для чалавека на калясцы - ужо цэлае падарожжа.

Акрамя таго, усе будынкі, якія зараз ўзводзяцца ў нашай краіне, павінны быць абсталяваныя пандусамі - без іх праект не прымуць яшчэ на стадыі паперы. Больш за тое, Беларусь ратыфікавала канвенцыю па правах інвалідаў - гэта значыць, што наша краіна практычна выбудоўваецца зноў. Па універсальным дызайне. Інакш кажучы, Беларусь на шляху да мэт устойлівага развіцця, і найважнейшая з іх - зрабіць перамяшчэнне кожнага беларуса па сваёй краіне зручным.

У Беларусі 560 тысяч інвалідаў, з іх 20 тысяч перасоўваюцца на калясцы. Без сумненняў, за апошнія 10 гадоў іх жыццё ў нашай краіне стала камфортней. І ўсё ж гэтая гісторыя не пра пандусы, і не пра ліст, адпраўлены не таму адрасату. Насамрэч, каб яны змаглі трапіць у магазін, у паліклініку або проста выехаць на вуліцу, часам досыць элементарнай дапамогі ад тых, хто не прыкаваны да інваліднага крэсла.

.