Выканальніцкая кар'ера, педагогіка і кіруючая пасада

15 апреля 2013

45-годдзе творчай дзейнасці адзначыў мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк. У гонар юбіляра прагучаў канцэрт яго вучняў. Наталля Бардзілоўская  падрабязна.


 


Ніякіх віншавальных спічаў. Са сцэны гучала выключна музыка. Сам Гільдзюк – у глядзельнай зале і на сцэну ні разу не падняўся. Яго педагагічны стыль прэзентавала сямёрка вучняў.


Гільдзюк, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, за сваё педагагічнае жыццё  выхаваў каля 50 музыкантаў.


Як лічаць самі піяністы, прафесіянал за фартэпіяна – гэта “тавар штучны”. Паўсотні выхаванцаў Юрыя Гільдзюка працуюць па ўсім зямным шары. І трэцяе месца на міжнародным конкурсе імя Чайкоўскага  менавіта ў яго выпускніка  Андрэя Паначэўнага.


Зрэшты, перамогу Паначэўнага ў Маскве пакуль не паўтарыў ніхто з беларускіх піяністаў. Гільдзюк ганарыцца і іншымі вучнямі: Андрэем Сікорскім, Наталляй Венскай, Аляксандрам Беляковічам. Маюць шмат ангажэментаў, але  сцэна Беларускай філармоніі -  на першым месцы. Бо тут іх педагог - даўні кіраўнік канцэртных патокаў.


Але  найперш Гільдзюк – піяніст. У бацькоўскім доме заўсёды гучала музыка, тата быў вядомым скрыпачом і педагогам. Ужо студэнт кансерваторыі ў складзе канцэртных брыгад Юрый Мікалаевіч аб’ездзіць амаль што ўвесь Савецкі Саюз.


У яго рабочым кабінеце – стос нот. За інструмент Гільдзюк садзіцца ў любую вольную хвіліну. Але яна бывае рэдка. Напаўненне філарманічнай афішы  – гэта калі рука часцей дакранаецца да тэлефона, чым да фартэпіянных клавішаў.