Інжынеры, эколагі і альпіністы ў адной асобе. Што выратоўваюць арбарысты?

10 сентября 2014
Прадухіліць падзенне аварыйных дрэў хутка і бяспечна. Такая задача стаіць перад арбарыстамі - гэта сінтэз прафесій альпініста, эколага і інжынера. Яны высякаюць цяжкадаступныя для спецыялізаванай тэхнікі насаджэнні побач са збудаваннямі, лініямі электраперадачы ці паркоўкамі.


Як гэта - працаваць на вышыні трохпавярховага дома? Высвятляла Надзея Сербіненка.

У камандзе Сцяпана Латыпава толькі прафесійныя арбарысты. Усе шасцёра з разрадам прамысловых альпіністаў, але працуюць з дрэвамі, аварыйнымі і небяспечнымі. У якасці экіпіроўкі - сапраўдная альпінісцкая амуніцыя і, зразумела, бензапіла.



Дзеля працы над памылкамі і фіксацыі магчымых няшчасных выпадкаў Сцяпан заўсёды апранае на каску партатыўную відэакамеру… Такія жывыя кадры ўпершыню трапляюць у эфір. Зараз арбарыст працуе на таполі вышынёй дваццаць метраў. Спілаваць яе трэба паступова, пачынаючы ад ніжніх галін і заканчваючы верхавінай.

Сцяпан Латыпаў, арбарыст: Я таксама баюся вышыні. Але розніца паміж прафесіянальным вышыннікам і звычайным грамадзянінам у тым, што мы не панікуем, дзейнічаем яшчэ больш спакойна, больш абдумана, а мы думаем яшчэ хутчэй.

Спілаваць небяспечныя - гнілыя знутры ці сухія дрэвы - часам трэба ў цяжкадаступных месцах: паблізу будынкаў ці на могілках. Галоўная задача арбарыста - зрабіць гэта максімальна акуратна і бяспечна.

Пасля таго як арбарыст цалкам спілуе небяспечнае дрэва, яно падае на зямлю. І тут яго патрэбна распілаваць на кавалкі. Для гэтага прафесіяналы выкарыстоўваюць вось такія велізарныя пілы. А для пачаткоўцаў падыдуць і невялікія. За адзін рабочы дзень брыгада Сцяпана можа спілаваць да трыццаці аварыйных дрэў.


Часта прыходзіцца працаваць у аддаленых вёсках, куды хуткая дапамога будзе дабірацца доўга. Таму ўсе арбарысты пры неабходнасці могуць зняць напарніка з вышыні і аказаць першую меддапамогу.


Ілья Балаўнеў, арбарыст: Кожны арбарыст праходзіць курсы па выратаванні. Калі чалавека спускаюць уніз, яму аказваюць першую меддапамогу. У машыне заўсёды ёсць аптэчка.

У арбарыстыцы недастаткова быць спрытным і вынослівым. Многія з іх з адукацыяй інжынераў лясной гаспадаркі, таму выдатна ведаюць, калі ад дрэва неабходна пазбавіцца.


Выпадкі падзення дрэў павялічваюцца падчас дрэннага надвор'я з парывістым шквалістым ветрам. Некалькі такіх здарэнняў адбылося ў сталіцы ў жніўні. Знізіць колькасць абвалаў аварыйных дрэў можа толькі своечасовы маніторынг і высечка.