Інтэрнэт-трансляцыя "Дзед Мароз Online" на сайце Белтэлерадыёкампаніі з 17 снежня па 14 студзеня

16 Снежня 2018

І яшчэ навіны з рэзідэнцыі зімовага чараўніка. Такога мы яшчэ не бачылі!

Дзед Мароз у прамым эфіры! Упершыню за жыццём галоўнага чараўніка краіны можна будзе назіраць на сайце Белтэлерадыёкампаніі. З 17 снежня Агенцтва тэленавін запускае анлайн-трансляцыю з рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Для гэтага на тэрыторыі сядзібы ў Белавежскай пушчы ўсталявалі камеры відэаназірання. На працягу месяца яны будуць працаваць у рэжыме рэальнага часу, так што, убачыць навагоднюю казку можна будзе з любога месца свету.

Дарэчы, рэзідэнцыя Дзеда Мароза - адна з самых вядомых турыстычных славутасцяў нашай краіны. Напярэдадні свята ў Белавежскую пушчу прыязджаюць тысячы турыстаў больш чым з 100 краін. Партнёрам праекта "Дзед Мароз Online" выступіў нацыянальны аператар "Белтэлекам".

Напярэдадні ў Белавежскай пушчы прайшлі здымкі праекта. У іх прынялі ўдзел гаспадары рэзідэнцыі - Дзед Мароз і Снягурка. Навагодні ролік здымалі ў жанры хорар уначы. Для стварэння містычных сцэн выкарысталі дым-машыну, спецыяльнае святло, а здымкі вялі не толькі на зямлі, але і ў паветры.

З-за непагадзі сцэнарый змянялі некалькі разоў, пад пагрозай апынуліся і фінальныя сцэны роліка. Як высветлілася, снег у Белавежскай пушчы выпадае толькі ў сярэдзіне студзеня, таму галоўным героям у дождж прыйшлося імправізаваць на пляцоўцы.

Нагадаем, інтэрнэт-трансляцыя "Дзед Мароз Online" стартуе на сайце Белтэлерадыёкампаніі 17 снежня і прадоўжыцца да 14 студзеня. А відэаролік праекта глядзіце прама зараз.