Цікавы агляд мерапрыемстваў выхаднога дня ў рубрыцы "Праменад"

27 декабря 2019
І навагоднія выставы лялек, і  забаўныя праграмы, і спектаклі у Вялікім тэатры Беларусі. На любы густ для школьнікаў розных узростаў і для   дарослых. Цікавы агляд  мерапрыемстваў выхаднога дня ад Ларысы Гулякевіч у рубрыцы "Праменад".

"Час казак" у гасцёўні Уладзіслава Галубка. Навагоднія гісторыі распавядаюць аўтарскія, антыкварныя лялькі і арт-аб'екты.

Казкі - выдатны від мастацтва, які ніколі не старэе, нягледзячы на тое, што разлічаны перш за ўсё на дзіцячую аўдыторыю. У беларускіх казках шмат аўтэнтычных чарадзейных персанажаў, якія і размясціліся на выставе ў Мастацкай гасцёўні Галубка ў Траецкім прадмесці. Аўтарскія лялькі, вырабы з лямцу, арт-аб'екты , а таксама калекцыя партрэтных лялек "Гісторыя ў асобах" і мастацкая графіка з міфічнымі совамі. 

На выхадных апоўдні тут праводзяцца майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў і стварэнні лаўцоў сноў.

Чароўныя арыі, сцэны, нумары з сапраўдных оперных і балетных хітоў. Вялікі тэатр Беларусі запрашае на традыцыйныя святочныя гала-канцэрты з зоркамі оперы і балета.

У праграме вечара класічная і сучасная праграма, дзе самыя знакамітыя артысты тэатра пакажуць сцэны з вядомых балетаў і оперных спектакляў. Дырыжор-пастаноўшчык - Іван Касцяхін.

Для дзяцей і дарослых - ранішні спектакль - класіка балета - "Шчаўкунчык" Пятра Чайкоўскага паводле казкі Гофмана. Неад'емная частка навагодняй святочнай праграмы.

Дзед Мароз і Снягурка ў Вялікім тэатры запрашаюць усіх гледачоў на святочныя навагоднія ранішнікі за 40 хвілін да пачатку спектакля "Шчаўкунчык".

Лібрэта да балета было створана Марыусам Пеціпам паводле казкі Гофмана "Шчаўкунчык і мышыны кароль". Прэм'ера балета адбылася ў снежні 1892 года ў Марыінскім тэатры Санкт-Пецярбурга. На сцэне ж Вялікага тэатра Беларусі у святочныя дні чароўны навагодні спектакль паказвае беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж з удзелам артыстаў балета Вялікага тэатра. Рубрыка "Праменад" трапіла на рэпетыцыю.

Лялечную тэму горада працягвае выстава у Музеі сучасных мастацтваў, а навагоднія ёлкі і святочныя ранішнікі - на ўсіх канцэртных пляцоўках Мінска, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі. Чароўных і вясёлых выхадных і да наступнай пятніцы ў новым годзе!