Цікавыя падзеі Брэсцкага рэгіёна

11 июля 2020
Наступствы летняй непагадзі ліквідавалі ў Брэсцкай вобласці: моцны вецер паваліў больш за пяцьсот гектараў лесу, абясточыў 34 населеныя пункты. Асноўныя сілы накіраваныя ў найбольш пацярпелы Маларыцкі раён. А ў Пружанскім раёне правялі Зажынкі. Мясцовыя жыхары выйшлі ў поле з сярпамі і спявалі народныя песні. Калісьці ў нашых продкаў менавіта так і пачыналася кожная ўборачная. Пра гэтыя і іншыя цікавыя падзеі рэгіёна - у нашым дайджэсце.

Расказвае Марыя Тройніч. Вывернутыя з коранем дрэвы, сарваныя дахі і абарваныя лініі электраперадачы - у Брэсцкім, Маларыцкім і Кобрынскім раёнах працягваюць ліквідаваць наступствы ўрагану. Моцны вецер ламаў дрэвы, як запалкі - пацярпела больш за пяцьсот гектараў лесу. Без святла засталіся 34 населеныя пункты. У многіх дамах моцныя парывы ветру сарвалі дахі. А ў вёсцы Пажэжын на зямлю паваліўся купал царквы. Дапамогу ў аднаўленні жылля аказваюць мясцовыя ўлады. Асаблівую ўвагу надаюць пажылым і адзінокім людзям.

Падарожжа па беларускай Амазоніі: новы турыстычны маршрут распрацавалі ў заказніку "Сярэдняя Прыпяць". Турыстам прапаноўваюць адправіцца па сцежках амаль некранутай палескай прыроды. Палюбавацца гэтымі краявідамі прыязджаюць фатографы з усяго свету. Працягласць маршруту - адзін кіламетр. Пешую прагулку напоўнілі цікавым зместам. Да стандартных інфармацыйных стэндаў дадалі інтэрактыўныя заданні. Паводле слоў спецыялістаў, экалагічная сцежка найперш разлічана на моладзь. 

Больш традыцыйны турызм развіваюць у Ляхавіцкім раёне. Там мясцовыя славутасці сабралі ў адным месцы. Школьнікі і педагогі  зрабілі паменшаныя копіі касцёлаў, цэркваў і сядзіб. Адзін з самых вялікіх  макетаў - палацава-паркавы ансамбль "Савейкі". Парадны ганак, балясіны і фіранкі на вокнах - прапрацавалі ўсё да звання. Даведацца пра гісторыю будынка дапамагаюць QR-коды: дастаткова навесці на таблічку экран мабільнага, і на ім з’явіцца інфармацыя. У экспазіцыі - чатырнаццаць мініяцюр. Усе яны знаходзяцца пад адкрытым небам.

У Брэсцкім раёне прапаноўваюць зрабіць падарожжа ў свет літаратуры. Кнігі з дастаўкай развозяць па малых населеных пунктах. Бібліобус ездзіць па вёсках, у якіх раней працавалі бібліятэкі. Класіка, дакументальныя і гістарычныя раманы: кнігі прывозяць пад заказ і ў пэўны час. Аб’явы размяшчаюць загадзя на сайтах і ў раённай газеце. А тым, хто не можа прыйсці да бібліобуса сам, кнігі прывозяць дадому, каб адчуць асалоду ад чытання мог кожны.