Пагадненні падпісалі Брэсцкі і Аньхойскі ўніверсітэты. Тут ужо працуе цэнтр па вывучэнні Кітая. А неўзабаве можна будзе пазнаёміцца бліжэй з мовай і нацыянальнай культурай Паднябеснай. Для школьнікаў заняткі будуць праводзіць у забаўным фармаце. Ва ўніверсітэце плануюць адсвяткаваць кітайскі Новы год. Усяго беларускія і кітайскія ўстановы адукацыі аб'ядноўваюць ужо 350 пагадненняў. А напярэдадні ў Мінску падпісалі дакумент аб узаемным прызнанні дыпломаў і навуковых званняў.
Цянь Сюэцзюнь, намеснік міністра адукацыі Кітая: "Адносіны паміж дзвюма краінамі залежаць ад разумення народаў. Разуменне пачынаецца з мовы. Таму мы арганізавалі ў Кітаі ўжо 8 цэнтраў па вывучэнні Беларусі. Таксама ў двух кітайскіх універсітэтах адкрытыя спецыяльнасці беларускай мовы. Мы падтрымліваем цікавасць да беларускай культуры. У Беларусі вучыцца 3200 нашых студэнтаў. А таксама мы садзейнічаем вывучэнню беларусамі кітайскай мовы".
Ігар Карпенка, міністр адукацыі Беларусі: "Сёлета мы прымаем 200 школьнікаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі, у ліпені яны будуць адпачываць у аздараўленчым лагеры "Зубраня". У гэты ж перыяд нашы школьнікі паедуць у КНР. Мы падбіраем тых школьнікаў, якія вывучаюць кітайскую мову, і для іх гэта будзе добрая магчымасць папрактыкавацца, пагутарыць з носьбітамі кітайскай мовы".
Завяршыўся візіт кітайскай дэлегацыі наведваннем Брэсцкай крэпасці. Госці ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне.
Інстытут Канфуцыя адкрыюць у Брэсце
27 мая 2019














