Замежныя турысты змогуць прыехаць у Беларусь без візы

13 января 2017

Зараз да сярэднявечных замкаў і прыгажосцяў Сінявокай замежным гасцям прыехаць больш проста, танна і зручна. Турагенцтвы ўжо адзначылі новую тэндэнцыю - напрыклад, у Гродзенскім раёне колькасць тых, хто наведвае бязвізавую тэрыторыю, вырасла ад некалькіх дзясяткаў летась амаль да 3000 толькі за апошнія два з паловай месяцы.

Як рыхтуюцца да новага турыстычнага сезона, з якіх дзяржаў да нас едуць госці і што ў топе сувеніраў з Беларусі - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова. У параўнанні з 2016-м гэта амаль гасцявы бум. Тады па гродзенскіх вуліцах прагуляліся толькі некалькі дзясяткаў замежнікаў. Сёння ж толькі музеі горада правялі экскурсіі для 900 турыстаў, а Раство і Новы год у Гродне сустрэлі 300 замежных гасцей. За кожнай такой паездкай - эканамічны эфект. Пакуль невялікі, затое са станоўчай тэндэнцыяй.

Сярэдні чэк замежніка - гэта беларускі лён, кераміка, хрусталь, беларускія прысмакі і самабытныя напоі. Жаданне зрабіць сэрвіс вышэйшым і, адпаведна, больш прыбытковым ускалыхнула і сферу паслуг. Некаторыя ўладальнікі кафэ і рэстаранаў нават аплачваюць персаналу моўныя курсы.

Да новага бязвізавага турыстычнага сезона, здаецца, рыхтуюцца ўсе. У гродзенскіх кафэ і рэстаранах распрацоўваюць новае меню - дарэчы, адразу на польскай, літоўскай і англійскай, дызайнеры малююць паказальнікі - іх усталююць ля кожнага важнага гістарычнага аб'екта горада, у дадатак на летні сезон запланаваныя больш як 100 канцэртаў, спектакляў і фэстаў. Шматлікія пройдуць на Аўгустоўскім канале.

Наогул жа, ідэя шырэйшая - эксперты ствараюць сетку турыстычных маршрутаў паміж Гроднам і Аўгустоўскім каналам. Да іх дададуць аніматараў, народных майстроў, аграсядзібы і яшчэ запросяць вулічных музыкантаў і артыстаў - атмасфера ў гэтым сезоне абяцае натхняць і зачароўваць. Дзеля дарагіх турыстаў мясцовыя кухары шукаюць у архівах новыя рэцэпты.

За два месяцы сабралася і геаграфічная статыстыка. У бязвізавую Беларусь прыязджалі грамадзяне ўжо 26 краін. Адзначыліся нават Мальта і Японія. Але галоўны працэнт у суседзяў - больш за ўсё літоўцаў, на другім месцы Польшча. Турагенты зараз дзеляць сваю бізнес-мадэль да і пасля 26 кастрычніка 2016-га.

Гродна і Аўгустоўскі канал у бязвізавым статусе да 31 снежня 2017. Ці захаваецца ён і далей - будзе залежаць ад таго, наколькі ўдалым апынецца гэты эксперымент.