Інавацыйныя распрацоўкі, прынятыя на ўзбраенне ў нашай краіне, паказала Мінабароны

25 октября 2018

Інавацыйныя распрацоўкі, прынятыя на ўзбраенне ў нашай краіне, журналістам і кіраўнікам вядучых СМІ сёння паказала Мінабароны. Гэта штогадовае мерапрыемства. Гэтым разам прадстаўнікі мас-медыя наведалі брыгады і воінскія часці Асіповіцкага гарнізона. Прысвечаны семінар стану і перспектывам развіцця Узброеных сіл Беларусі. Мэта - не толькі паказаць побыт і ўмовы ўтрымання вайскоўцаў. Ключавы фактар - развіццё і мадэрнізацыя Узброеных сіл.

Як падкрэсліў міністр абароны, тэхналагічная армія сёння патрабуе ад салдата найвышэйшай кваліфікацыі для працы з высокадакладнай зброяй. Андрэй Раўкоў падкрэсліў, што ў беларускай арміі працягваецца мадэрнізацыя ваеннай тэхнікі, утылізацыя старых боепрыпасаў, якія патрабуюць дарагога захоўвання. Нягледзячы на аптымізацыю баявога саставу і колькасці Узброеных сіл да 2020-га года, ведамства плануе захаваць каштоўныя кадры і пазбавіцца ад дублюючых і другарадных структур.