Інавацыі ў продажах і прасоўванні. Прэзідэнт наведаў прыватнае прадпрыемства "Адані"

20 марта 2020
Аб сітуацыі ў эканоміцы, каранавірусе і харчовай бяспецы, аб здароўі беларусаў, айчыннай медтэхніцы, а таксама  падтрымцы і развіцці беларускага брэнда, які шмат зрабіў не толькі для нашай краіны, але і сусветнай аховы здароўя і бяспекі. 

Такі рознапланавы дыялог адбыўся сёння на пляцоўцы інавацыйнага прыватнага прадпрыемствы "Адані", куды прыехаў Прэзідэнт. Там займаюцца выпускам медабсталявання і сістэм бяспекі. У палове ўстаноў аховы здароўя нашай рэспублікі розныя рэнтген-скрынінгі праходзяць менавіта на гэтай айчыннай тэхніцы, карыстаюцца ёю і ў розных месцах планеты. Кіраўніцтву прадпрыемства было што абмеркаваць і аб чым параіцца з Прэзідэнтам. У планах пашырэнне - гэта і пра тэрыторыю, і прысутнасць на беларускім, а таксама замежным рынках. 

Нямала пытанняў да Кіраўніка дзяржавы было сёння і ў журналістаў. Тэмы дыктуюць гучныя падзеі ў свеце. Прэзідэнт падзяліўся сваім меркаваннем. 

З падрабязнасцямі - наш аглядальнік Ілона Красуцкая.

"Адані" - інавацыйнае прадпрыемства


Той, хто ніколі не чуў пра брэнд “Адані”, ці наўрад скажа, што займаюцца яны вытворчасцю медабсталявання і сістэм бяспекі. Калі аказваешся ўнутры - першая асацыяцыя: пэўна, тут працуюць айцішнікі. Суцэльныя кабінеты, камп'ютары, графікі. А яшчэ ресепшэн, карціны і свабодны дрэс-код збіваюць з толку. Хоць агульнага з лічбай сапраўды шмат. Прадпрыемства цалкам інавацыйнае. Навукова-даследчы цэнтр, канструктарскае бюро, серыйная вытворчасць - усё пад адным дахам.

Сацыяльна-арыентаваны бізнес


"Адані" - доўгія гады сямейны бізнес гэтай без перабольшання эфектнай пары. Алена і Уладзімір Ліневы. 30 гадоў яны разам і ў жыцці, і на працы. Сваю справу яны так і называюць - сацыяльна-арыентаванай. Бо задача - абараніць жыццё і захаваць здароўе людзей. 

Мы не задумваемся, але сістэмы надгляду - транспартныя, багажныя, сканеры чалавека ў поўны рост гэтага брэнда ёсць і ў Палацы Незалежнасці, не толькі ў нашым, але і іншых аэрапортах свету. Рэнтген-абсталяванне для аховы здароўя - пульмасканы, тамографы - купляюць не толькі нашы клінікі. Яшчэ 85 краін свету. Так што суцэльныя інавацыі ў продажах і прасоўванні.

Прэзідэнт наведаў прадпрыемства "Адані"


Ну а пасля сённяшняй сустрэчы "Адані" будзе яшчэ прасцей. Рэкламу,  як ні круці, зрабіў Аляксандр Лукашэнка, толькі  прыехаўшы на прадпрыемства. Дарэчы, у звязку з прэзідэнцкім іменем кампанія гучала зусім нядаўна. 

Беларусы забяспечылі бяспеку Шарм-Эль-Шэйха


Падчас візіту беларускага лідара ў Егіпет там забяспечылі бяспеку цэлай курортнай зоны Шарм-эль-Шэйх. 

85 краін свету купляюць прадукцыю "Адані"


Алег Клімковіч,  начальнік упраўлення па развіцці вытворчых сістэм УП "Адані":  "Гэты комплекс, які мы бачым, ён дазваляе таксама вырабіць сканаванне аўтамабіля, аўтобуса і вызначыць у ім наяўнасць нейкіх выбуховых рэчываў. Аж да наркотыкаў. Актуальная яшчэ для многіх краін нелегальная міграцыя. Комплекс таксама можа вызначыць і мігрантаў, якія схаваліся ў нейкіх запонах аўтамабіля, аўтобуса".

Дзякуючы фільтрам, можна вызначыць колер, матэрыял, схваныя часткі любога прадмета. Але зрабіць карцінку – палова задачы. "Адані" яшчэ і стварае праграмнае забеспячэнне для сваіх прадуктаў. Гэта не аўтсорт, усё - уласная распрацоўка (відэа).
 

4,5 млн чалавек у Беларусі штогод абследуюцца на абсталяванні "Адані" 


Пахваліцца дырэктар і нядаўнімі кантрактамі з Узбекістанам, якія таксама заключылі па слядах прэзідэнцкага візіту. Наогул скардзіцца не прыходзіцца, заказы ёсць да канца года. Ёсць у кампаніі філіялы ў Кітаі, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі. Але адной з асноўных задач застаецца імпартазамяшчэнне. Прыкладна напалову абсталяваныя тэхнікай "Адані" і нашы рэспубліканскія клінікі. Чатыры з паловай мільёна чалавек штогод абследуюцца на беларускім абсталяванні (відэа).

У прыярытэце імпартазамяшчэнне


Калі будзе належны сэрвіс, аб прастоі абсталявання можна забыць. А так часта атрымліваецца: апарат ёсць, а чаргу на абследаванне даводзіцца чакаць месяцамі. Гаварылі і пра тэндарныя закупкі. Летась кампанія ўжо паставіла па заказу Міністэрства аховы здароўя  7 апаратаў КТ у розныя рэгіёны. Выйграўшы тэндар, прапанавалі цану  ўдвая меншую, чым у замежных вытворцаў (відэа). 

Прэзідэнт расказаў пра дыягностыку прааперыраванага калена


Як вядома, раней на адной з хакейных трэніровак Аляксандр Лукашэнка атрымаў сур'ёзную траўму, прыйшлося рабіць аперацыю  на каленным суставе. Вядома, дапамагалі нашы медыкі. Як часта  даводзіцца рабіць дыягностыку і на якім абсталяванні - Прэзідэнт сёння расказаў і пра сваё здароўе.

Выгада для дзяржавы


"Адані" - рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны "Мінск". Усяго на тэрыторыі СЭЗ 113 кампаній. У рэзідэнтаў ёсць шмат бонусаў, адзін з якіх - вызваленне ад выплаты падатку на прыбытак (калі працуюць на экспарт). Ну а тыя прадпрыемствы, якія  па-за СЭЗ, часта скардзяцца на няроўныя ўмовы канкурэнцыі. Таму плануецца ўважліва прааналізаваць Падатковы кодэкс. Уклад свабоднай эканамічнай зоны ў дабрабыт краіны можа быць большы.
 

Прадпрыемства будучыні


Кіраўніцтва "Адані" расказала і аб планах. Хочуць пашырыць вытворчасць, пабудаваць пад Мінскам завод будучыні. Прэзідэнт не толькі падтрымаў, але і гатовы выдзеліць зямельны ўчастак. Прапанаваў далучыць і вілейскае прадпрыемства "Зеніт". Там жа можна вырабляць неабходныя камплектуючыя.
 

Кардыёлаг са Шры-Ланкі працуе на "Адані" і ў 20-й паліклініцы Мінска


На бейджы ў яго напісана "Антоніс Джузеф". Але мясцовыя завуць "наш ланкіец Антон". Дырэктар па развіцці бізнесу мед- і рэнтгенабсталявання "Адані" ўжо больш чым 20 гадоў жыве ў Беларусі. Дарэчы, таленавітага спецыяліста заўважыў дырэктар Уладзімір Лінеў. Аднойчы ён прыйшоў на прыём да кардыёлага і прапанаваў перспектыўнаму доктару працу. А далей, як гаворыць сам Антоніс (або Антон) - жонка-беларуска, двое дзяцей, на радзіму ў Шры-Ланку  зараз  лятае толькі ў госці да сваякоў. Дарэчы, урач-практык дагэтуль кожную  пятніцу  працуе ў 20-й паліклініцы Мінска, кансультуе і сваіх калег па "Адані", а многіх нават аперыраваў. 

Цяперашні каранавірус на 90 % па структуры падобны на вядомыя вірусы


Не проста таму што "час такі" ці  "сітуацыя ў свеце". На пляцоўцы кампаніі, якая таксама вырабляе медабсталяванне, а ў штаце свяцілы медыцыны, лагічна, што  размовы ўсё роўна круцяцца вакол здароўя. 

Дзяліцца ўражаннямі пасля любога прэзідэнцкага візіту - нармальная практыка ва ўсіх удзельнікаў, у тым ліку і журналістаў. Бывае ўсякае: і без лішніх эмоцый, і асадак пасля прэзідэнцкай крытыкі, але тут суцэльны пазітыў (відэа). 

Даступнае скрынінг-абсталяванне, якім можна ганарыцца


Вось так часта і атрымліваецца: візіт на нейкае канкрэтнае нават вузкаспецыялізаванае прадпрыемства - магчымасць абмеркаваць самыя розныя пытанні. А тут асаблівы выпадак, бо справа датычыцца самага дарагога - нашага здароўя і бяспекі. І калі ў гэтым плане да нашага скрынінг-абсталявання такі давер у свеце, лагічна, каб яно стала  больш даступным (ва ўсіх сэнсах) на радзіме. А ганарыцца мы і самі ўмеем.