Інклюзіўную пляцоўку і творчыя майстэрні для дзяцей адкрылі ў Вілейцы

29 октября 2019
Тры аб'екты, у якіх ужо даўно  меў патрэбу раён, адкрыліся сёння ў Вілейцы - у падарунак дзецям ад прыватнага бізнесу.  Новае гульнявое абсталяванне  атрымалі школьнікі з  асаблівасцямі развіцця.  Адаптыўная гульнявая зона з  адмысловым абсталяваннем для дзяцей-калясачнікаў  з'явілася ў раённым   рэабілітацыйным цэнтры, а  дзве майстэрні, дзе школьнікаў вучаць маляваць, ляпіць і працаваць з дрэвам - у пачатковай школе і школе-інтэрнаце. 

Надзея Сербіненка  пра так неабходныя інклюзіўныя адукацыйныя цэнтры. 

Сёння ў Вілейцы адразу некалькі вельмі прыемных адкрыццяў. І ўсе яны прысвечаны дзецям. Гэта новая інклюзіўная дзіцячая пляцоўка і адразу дзве новыя арт-майстэрні. Гэты праект быў ажыццёўлены дзякуючы намаганням прыватнай кампаніі - рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій.

Першы  з трох карысных падарункаў  атрымалі навучэнцы Вілейскага карэкцыйнага цэнтра. Усе пажаданні педагогаў - па напаўненні гульнявой пляцоўкі абсталяваннем - былі выкананы. І зараз у хлопчыкаў і дзяўчынак  з асаблівасцямі  ёсць свае незвычайныя арэлі і нават нестандартныя клумбы.

Наступны пункт, дзе разгарнуўся дабрачынны праект "Крылы шчасця",  - пачатковая школа нумар шэсць. Маленькія выхаванцы ў новым уладкаваным кабінеце змогуць займацца рознымі відамі выяўленчага і прыкладнога мастацтва. Фантазіі  і ў дзяцей,  і ў педагогаў - удосталь.

Трэці аб'ект, дзе з'явілася новае абсталяванне, але ўжо для сталярнай справы - школа-інтэрнат, дзе вучацца дзеці з парушэннямі маўлення. Усе неабходныя інструменты для работы з дрэвам  набыла буйная IT-кампанія ў рамках дабрачыннага праекта "Крылы шчасця". 

Паводле слоў кіраўніцтва кампаніі, праграма па падтрымцы дзяцей  і такія ж  цёплыя сустрэчы  будуць працягвацца.