Інфармацыю аб прыпыненні продажу білетаў на цягнікі ва Украіну пракаменціравалі прадстаўнікі Беларускай чыгункі

12 апреля 2014

Праца па ўзгадненні графіка руху цягнікоў ва Украіну носіць выключна тэхнічны характар. Пра гэта сёння журналістам заявіў начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Нагадаем, напярэдадні было заяўлена, што з 27 мая продаж білетаў на цягнікі ва Украіну, а таксама транзітам праз яе, будзе прыпынены. Як растлумачылі ў галоўным чыгуначным ведамстве нашай краіны, Украіна вырашыла змяніць расклад руху асобных цягнікоў па ёй тэрыторыі, гэта і выклікае змяненне міжнародных маршрутаў у цэлым.


Уладзімір Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі: Па ініцыятыве Савета па чыгуначным транспарце і ўкраінскіх чыгунак плануецца сустрэча экспертаў, упаўнаважаных прадстаўнікоў адміністрацыі для ўзгаднення графіка руху цягнікоў. Аб прынятым рашэнні і новым раскладзе мы адпаведна праінфармуем насельніцтва. Цэнавая палітыка білетаў не зменіцца. Яна прадугледжана ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі.


І як адзначылі ў ведамстве, зараз рух пасажырскіх і грузавых цягнікоў ва ўкраінскім кірунку праходзіць у штатным рэжыме. Новы графік плануецца ўвесці з 1 ліпеня. Ужо вядома, што паміж Беларуссю і Украінай будзе курсіраваць 16 пасажырскіх цягнікоў. Транзітам праз краіну-суседку прадугледжаны 4 цягнікі паўднёвага кірунку.