Імянныя лаўкі з'явяцца ў Брэсце

23 марта 2020
Брастчане могуць незвычайным спосабам увекавечыць свае імёны. У адным з паркаў горада з'явяцца імянныя лавачкі. Ахвочыя, а іх аказалася нямала, могуць заказаць у ЖКГ таблічкі з гравіроўкай. Сабраныя грошы пойдуць на куплю новых лавачак. А імянныя таблічкі на іх усталююць у якасці падзякі дабрачынцам. Ідэю прапанавалі мясцовыя ўлады. Такім чынам брастчан жадаюць прыцягнуць да добраўпарадкавання роднага горада. Такая практыка ёсць у Нью-Ёрку і Лондане. А ў беларускіх парках лаўкі з таблічкамі з'явяцца ўпершыню.

Мікалай Уласюк, начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама: "Жыхары ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні горада, а задача гарадской улады, каб гэта было вытрымана ў адзінай стылістыцы, узгоднены праект лавачак. Яны будуць аднолькавыя, у рэтра-стылі, зручныя. І  будзе невялікая бірка з іменем таго, хто гэтую лавачку прафінансаваў".

Гарадскі сад - найстарэйшы парк Брэста. Яму каля 200 гадоў. Аднавіць сад вырашылі да тысячагоддзя горада. У найбліжэйшы час добраўпарадкуюць набярэжную, якая прылягае да парку. А на вадзе з'явіцца плавальны святлодыёдны фантан.