Іх дах - неба над галавой

28 ноября 2014

Маразы, якія ўдарылі гэтымі днямі, для адных - пачатак пераднавагодніх клопатаў і асаблівага зімовага настрою, а для некаторых гэта суровае выпрабаванне. З надыходам халадоў у цэнтрах часовага знаходжання бяздомных становіцца шматлюдна. Пазбаўленыя прытулку, а часта і жадання жыць годна людзі ахвотна выкарыстоўваюць магчымасць пераначаваць у цяпле.


Вольга Маслоўская, здымаючы свой рэпартаж, пераканалася, што гэта барацьба не толькі за жыццё, але і за чалавечую годнасць. Іх дах - неба над галавой. Толькі ў Віцебску, паводле прыблізных падлікаў, каля ста чалавек не маюць пэўнага месца жыхарства. І ў кожнага свая гісторыя.


Мікалай Рыбкін сёння цэлы дзень правёў у пошуках працы. Аднаўляе згубленыя дакументы. Не п'е. Інакш пазбавіцца прытулку. Такія правілы ў цэнтры часовага ўтрымання асоб без пэўнага месца жыхарства.


Чысты ложак, душ, кухня, медыцынская дапамога. Адначасова тут могуць размясціцца 38 бяздомных. За чатыры гады праз гэты цэнтр прайшлі 400 чалавек.


Аналагічны створаны ў Оршы, яшчэ адзін плануецца ў Наваполацку. Менавіта тут, убачыўшы да сябе чалавечае стаўленне, бяздомныя вырашаюць завязаць са старым.


Уладзімір Самалётаў, дзяжурны Віцебскага гарадскога цэнтра часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства: Няшмат, вядома, але працэнтаў 10-15 такіх людзей уладкоўваюцца. Чалавек уладкаваўся вартаўніком у інтэрнаце, слесарам па сумяшчальніцтве. Прыходзіў, дзякаваў. У яго такі збег акалічнасцяў: на біржу пайшоў, далі напрамак на працу. Усё ў нармальнае ручво ўвайшло.


Службы сацыяльнай адаптацыі працуюць у кожным (нават невялікім) раёне. Але змяняць стыль жыцця гатовыя не ўсе бяздомныя. Тыя, каму свабода даражэйшая за камфортны побыт, сёння на асаблівым кантролі.


Андрэй Захараў, начальнік аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Віцебскага аблвыканкама: Яны - людзі, і ім трэба дапамагаць. Самае галоўнае, каб дзяржава давала шанц. Гэтыя магчымасці існуюць. І не на паперы. Мы аб'язджалі пакоі сацыяльнай адаптацыі, што сёння створаныя ў сельскай мясцовасці. Там ёсць спецыялісты, якія гатовыя з імі працаваць, якія чакаюць іх.


Міліцэйскія патрулі і атрады аховы правапарадку Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі не прапускаюць ніводны закінуты будынак на маршруце. Ведаюць: там можа замярзаць чалавек. Валацуг дастаўляюць у аддзел міліцыі. Нецвярозых - да медыкаў.


Кірыл Макавееў, удзельнік маладзёжнага атрада аховы правапарадку ГА БРСМ: Нават калі не знаходжуся на маршруце, калі вяртаюся з вучобы і бачу, што чалавек у гурбе ляжыць, трэба падысці, можа дрэнна з сэрцам стала. Павінна быць іншае стаўленне. Усяляке бывае. Трэба праяўляць гуманнасць.


У сезон халадоў на вуліцах Віцебска працуюць дабрачынныя патрулі Чырвонага Крыжа. Замест міласціны - гарачы чай. У цэрквах і касцёлах бяздомным прапануюць бясплатныя абеды. Гавораць, лепш маленькая дапамога, чым вялікая спагада.