Гульні ў фрысбі, прагулкі на катамаранах і ёга ў парку

27 июля 2016

Гульні ў фрысбі, прагулкі на катамаранах і ёга ў парку – мінчанам прапануюць разнастайны актыўны адпачынак. Некалькі разоў на тыдзень зялёная зона Уручча пераўтвараецца ў стадыён для аматараў розных гульняў. Не толькі прайсціся пешшу, але і пракаціцца на прагулачным электратранспарце прапануюць у адноўленых пунктах пракату. А сустрэць усход сонца ў сталічных парках можна ў кампаніі аматараў ёгі. Расклад адпачынку - у Яна Пашкевіча.

Баскетбол, валейбол, катанне на роліках і, нарэшце, фрысбі... Елізавета Спруж захапілася гульнёй не на жарт. За паўгода дзяўчына з навічка дарасла да гульца прафесійнай каманды. Зараз сама праводзіць адкрытыя трэніроўкі ў сталічных парках.

Падчас гульні дзве каманды змагаюцца за права валодання дыскам. Спартыўны снарад па мудрагелістых траекторыях імкнуцца давесці да тэрыторыі сапернікаў.

Сігвэі і электрасамакаты – пункты пракату да сезона значна абнавілі аўтапарк прагулачнага транспарту. Адна з навінак – папулярны ў Еўропе і ЗША гіраскутар – двухколая дошка, якая рухаецца ад нахілу вадзіцеля.

Здзейсніць жа воднае падарожжа можна на абноўленых катамаранах. Рачныя веласіпеды прайшлі поўны рэстайлінг – зараз яны вонкава нагадваюць рознакаляровы "Фальксваген-Жук". А пад капот некаторых мадэляў схавалі і электрарухавікі.

А завяршаць тыдзень сталічныя скверы прапаноўваюць яднаннем з прыродай. У парку Горкага, Купалы або Лошыцкім на ўсходзе сонца кожную нядзелю ладзяць бясплатныя трэніроўкі па ёзе. Індыйскі фітнес дадае сіл і аздараўляе - гэтак жа, як і скандынаўская хадзьба. Падарожжа са спецыяльнымі палкамі ў руках накшталт лыжных становіцца ўсё больш папулярным сярод мінчан.