І вось яна - Тэлевяршыня. У каманды Белтэлерадыёкампаніі 10 статуэтак

21 апреля 2013

І вось яна - Тэлевяршыня. Вось яна - тая самая статуэтка, якая дастаецца пераможцу. Не лёгкая - і статусам, і вагай. Няцяжка ў гэтым сілуэце адгадаць Данка, які вырывае сэрца, каб асвятліць шлях. Трэба прызнацца, высокі вобраз, які робіць гэтую ўзнагароду сапраўды вялікім гонарам.


І тым больш прыемна, што сёлета каманда Белтэлерадыёкампаніі атрымала 10 такіх статуэтак з 24. У тым ліку і галоўную - Гран-пры Тэлевяршыні за праект Лёс гігантаў.


Як гэта было - ад пакутлівага чакання да фінальнай феерыі - у рэпартажы Паліны Іванча.


У 2012 на тэлеканале Беларусь 1 выходзіць 10 фільмаў пра лёс найбуйнейшых прадпрыемстваў, якія калісьці былі візітнай карткай вялікай краіны пад назвай Савецкі Саюз. Матацыклы Ява, аўтобусы Ікарус, самалёты Як - толькі ў Лёсе гігантаў - захапляльныя гісторыі нараджэння і смерці легендарных савецкіх брэндаў. На Дзявятым нацыянальным конкурсе Тэлевяршыня лёсам гэтага праекта стала Гран-пры.


Аўтар сцэнарыя лепшага тэлепраекта года Руслан Туркоў успамінае: сцэнарны план заняў 14 старонак, а кожная здымка стала сапраўднай прыгодай для журналістаў, рэжысёраў і аператараў.


За кожную статуэтку Тэлевяршыні сёлета змагаліся наймацнейшыя. Канкурэнцыя як ніколі жорсткая. Цэлых паўтара месяца спатрэбілася журы, каб зрабіць выбар. Больш за 70 прэтэндэнтаў на перамогу і толькі 24 намінацыі.


Алег Праляскоўскі, Міністр інфармацыі Беларусі: Гэта летапіс нашых тэлевізійных перамог. Таму што менавіта тут былі ўпершыню заўважаныя і ацэненыя вельмі шматлікія праграмы і шматлікія-шматлікія аўтары.


Цырымонія ўзнагароджання сёлета вярнулася на родную сцэну - у Палац Рэспублікі. Музычнае суправаджэнне ўрачыстасці традыцыйна ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Тым не менш, арганізатары дзявятай Тэлевяршыні не абышліся без сюрпрызаў, напрыклад, адмовіліся ад традыцыйнай чырвонай дарожкі.


Паводле задумкі дэкаратараў, залатая дарожка злучыла глядзельную залу і хрустальны тэлеалімп, з якога намінанты спусціліся на сцэну ў пачатку шоу. Гэтай дэталлю арганізатары падкрэслілі, што ўсе ўдзельнікі конкурсу ўжо лепшыя і кожны з іх варты статуэткі.


Яшчэ адзін сюрпрыз рэжысёры раскрылі нашай здымачнай групе літаральна перад самым пачаткам цырымоніі. Упершыню за гісторыю конкурсу статуэткі пераможцам разам з медыйнымі персонамі ўручаюць тэлегледачы.


Першую Тэлевяршыню ў скарбонку Белтэлерадыёкампаніі гэтым разам прынёс вядучы Агенцтва тэленавін Сяргей Воляк.  Інфармацыйна-аналітычную праграму Сфера інтарэсаў журы прызнала лепшай.


Па-за канкурэнцыяй апынуўся дакументальны фільм Агенцтва тэленавін Незалежнасць. Перакрыжаванні. Спецыяльны прыз, а разам з ім і статуэтку атрымаў палітычны аглядальнік Андрэй Крывашееў.


Гаспадарамі на цырымоніі ўзнагароджання традыцыйна сталі вядомыя асобы адразу трох тэлеканалаў краіны. Ад Белтэлерадыёкампаніі гэтым вечарам на сцэне - вядучыя Вікторыя Сянкевіч і Алег Ціткоў.


Усе ў глядзельнай зале затаілі дыханне. Праз некалькі хвілін адкрыюць яшчэ адзін канверт. Намінацыя Лепшы вядучы інфармацыйна-аналітычнай праграмы. Ад Белтэлерадыёкампаніі ў ёй удзельнічае Анатоль Ліпецкі з праектам Вакол планеты.


І вось - момант трыумфу і яшчэ адна заваяваная Тэлевяршыня. Ужо на сцэне лаўрэат прызнаецца, што нават у гэтыя самыя хвіліны яго каманда працуе над чарговым выпускам праграмы і пакіне свае рабочыя месцы далёка за поўнач. Бо ў суботу Вакол планеты нязменна ў эфіры.


Анатоль Ліпецкі, вядучы Агенцтва тэленавін: Падзяка абсалютна шчырая, абсалютна шчырая. Я разумею зараз усіх людзей, якія ў розных краінах пачынаюць дзякаваць усім - ад Бога да прадзюсара. Дзякуй, вялікі дзякуй!.


А гэты чалавек да сваёй перамогі ішоў дзевяць гадоў. Роўна столькі журналіст Агенцтва тэленавін Дзмітрый Бачкоў выходзіць у прамы эфір. Гэтым вечарам ён стаў лепшым вядучым публіцыстычнай праграмы.


Яшчэ адзін лепшы праект года - рэгіянальны. Без увагі журы не засталося маладзёжнае ток-шоу Перазагрузка з Седай Каспаравай  вытворчасці тэлерадыёкампаніі Магілёў. Гарачыя дыскусіі сучаснай моладзі прынеслі Белтэлерадыёкампаніі яшчэ адну статуэтку.


Сёлета  галоўнаму медыяхолдынгу краіны тэлевізійны алімп пакараўся  10 разоў. І кожная статуэтка - гэта яшчэ адна маленькая перамога вялікай каманды прафесіяналаў.


Аляксандр Яфрэмаў, сустаршыня журы конкурсу Тэлевяршыня-2013: Я паважаю ваш канал, магу назваць сябе нават прыхільнікам, я імкнуся глядзець часцей ваш канал, чым іншыя каналы.