I моладзевы IT-форум Беларусі і Узбекістана праходзіць у Мінску

5 августа 2019
Лічбавую эканоміку, IT-перспектывы і будучыню сучаснай моладзі дзвюх краін, як прызнаюцца жартам самі юныя таленты, лепш за ўсё абмяркоўваць сытымі. А таму знаёмяцца з апошнімі трэндамі айчыннай IT-індустрыі ўзбекскія калегі традыцыйным спосабам - спрабуючы нашы дранікі. Бо хлеб, хай і другі, усяму галава. І вось ужо сапраўды, такі культурны сімбіёз дзвюх краін дазволіць стартапам маладых навукоўцаў лёгка выстраліць не толькі на рынках дзвюх краін, але і на міжнароднай арэне.

Моладзевы IT-форум рэгіёнаў у першую чаргу закліканы абмеркаваць сучасныя трэнды і ключавыя моманты ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Апроч лічбавых навыкаў, дэлегаты з Узбекістана і Беларусі абмяркоўваюць і перспектывы развіцця міжнароднага моладзевага стартап-руху і прадпрымальніцтва. Бо сустрэча праходзіць упершыню, яна стала адпраўным пунктам не толькі ў развіцці прафесійных ведаў, але і яшчэ больш умацуе адносіны паміж дзяржавамі.

Дарэчы, дзяліцца напрацоўкамі будуць узаемна. Напрыклад, адна з іх скіравана на дапамогу супрацоўнікам экстранных і спецыяльных службаў з прымяненнем VR-тэхналогій. Распрацоўкай госць з Азіі Абдула Аскараў займаўся на працягу некалькіх гадоў.

Нашым маладым навукоўцам таксама ёсць што паказаць. Беларуская каманда прадэманстравала праекты пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі", сярод якіх "Аўтаматычная рэкуперацыя паветра". Устаноўка чысціць навакольную прастору ад мікробаў і актывізуецца мабільным дадаткам. Яшчэ адзін праект, які зацікавіў гасцей,  - "Інтэрактыўны STEM-падручнік па фізіцы". Дзе ўжо робат на практыцы паказвае тое, што ў тэорыі распавядае настаўнік. 

Наперадзе ў маладых спецыялістаў насычаная праграма па абмене вопытам, уключаючы семінары з вядучымі IT-экспертамі. Культурную частку сустрэчы дапоўняць экскурсіі па сталіцы. А ўжо заўтра адбудзецца афіцыйнае адкрыццё моладзевага форуму, дзе будзе падпісаны план па развіцці супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій паміж беларускім і ўзбекскім саюзамі моладзі.