Hand-made выстава "Млын" ізноў сабрала аматараў народнай творчасці

27 февраля 2016

Краіна цудаў і вясновага настрою. Hand-made выстава "Млын" ізноў сабрала аматараў народнай творчасці. Вялікая арт-пляцоўка аб'яднала больш за 500 майстроў з усёй краіны.

Творчы перформанс наведала Наталля Кузьміцкая. Аўтарская лялька, лямцавыя карціны, упрыгажэнні з палімернай гліны і не толькі. Ужо амаль вясновы "Млын" - сапраўдны падарунак для жыхароў горада. Асабліва для мужчын. З набліжэннем 8 Сакавіка моцная палова чалавецтва літаральна збіваецца з ног у пошуках прыемных сюрпрызаў для каханых жонак, любімых дочак і мам. Вось і спявак Аляксей Хлястоў у перапынках паміж канцэртамі і дзелавымі сустрэчамі рыхтуецца да жаночага свята.

На выставачных плошчах Белэкспа кірмаш-продаж разгарнулі больш за 500 майстроў. Нягледзячы на вялізную разнастайнасць матэрыялаў і тэхнік, іх аб'ядноўвае адно: кожны выраб захоўвае часцінку душы свайго стваральніка і гэтым вылучаецца сярод соцень звыклых нам фабрычных рэчаў.

Сваю вясновую калекцыю аўтарскіх упрыгажэнняў на выставе "Млын" прэзентавала і спявачка Галіна Шышкова. Ужо некалькі гадоў яе кветкавыя абадкі і шпількі ўпрыгожваюць прычоскі беларусак.

Арт-праект "Млын" ужо даўно вырас з фармату выставы. З кожным годам арганізатары здзіўляюць наведвальнікаў яркай і цікавай праграмай. На гэты раз для прадстаўніц прыгожай паловы арганізавалі моднае дэфіле, а для самых маленькіх гасцей рамесніцкага флешмобу - музычны тэатралізаваны паказ.

Не абышлося і без традыцыйных майстар-класаў, на якіх можна было самастойна вырабіць паштоўку або ўпрыгажэнне, а таксама набыць усё неабходнае для рукадзелля.