Гусарскія палкі, казацкая конніца і пяхотны корпус вялікай арміі

21 июня 2016

На некалькі дзён конны клуб у Валожынскім раёне занялі салдаты, удзельнікі напалеонаўскіх войнаў. Расійскія і французскія гусары забаўлялі гледачоў акрабатычнымі нумарамі. У лагеры пяхоты прапанавалі прымераць салдацкі гардэроб. А гледачы-добраахвотнікі запісваліся ў батальён рэкрутаў. У бой адправіўся і наш карэспандэнт Ян Пашкевіч.

Вялікія балі, акрабатычныя нумары ў сядле і салдацкія балады – на два дні на месцы коннага клуба ў Валожынскім раёне вырас невялікі гарадок, дзе шпацыравалі высакародныя дамы і адважныя гусары часоў Напалеона.

Цэнтрам народных забаў, як і ў даўніну, стаў гарадскі кірмаш. Тут французскія ўланы спаборнічалі ў джыгітоўцы – акрабатычнай яздзе вярхом. Пяхотныя ж часці разгарнулі лагер-музей баявой славы арміі Напалеона.

Частавалі салдацкай кашай і ў лагеры рускіх войскаў – паходныя палаткі нацягнулі побач з лесам. Тут жа добраахвотнікаў запрашалі на воінскую службу ў імператарскую армію.

Самае ж цікавае для гледачоў было паўдзельнічаць у вялікай баталіі на адным з двух бакоў. Я ж, вядома, выбраў расійскую імперыю, таму што памятаю, чым закончылася гэта вайна.

Страявая падрыхтоўка, фехтаванне і стральба – заслужыць ваенны мундзір можна было на экспрэс-курсе маладога гвардзейца.

Казацкая конніца, корпус арміі Напалеона і драгунскі полк – у маштабнай бітве сышліся амаль сто кавалерыстаў і салдат пяхоты. Ваенныя фотакарэспандэнты таксама адпавядалі духу эпохі - удалыя кадры мушкетных залпаў і атак конніцы адлюстроўвалі алеем на палатне.

Гістарычным апавяданнем пра часы «апошняй прыгожай вайны» сезон рэканструкцый у конным клубе завяршыўся. Але ўжо ў наступным годзе гледачоў чакаюць новыя вандроўкі ў эпоху Дзікага Захаду, напалеонаўскіх войн і ўпершыню ў сярэдневякоўе.