Губернатар Мінскай вобласці выслухаў праблемныя пытанні жыхароў Маладзечна

16 мая 2018

У Маладзечне дзіравы дах у адным з дамоў стаў прычынай канфлікту жыхароў з мясцовымі ўладамі. Людзі на працягу пяці гадоў вядуць дыялог з камунальнымі службамі. Ім чарговы раз даюць абяцанне адрамантаваць будынак. Але ж пакуль у кватэрах толькі цвіль. Сёння на сітуацыю звярнуў увагу і губернатар вобласці Анатоль Ісачанка падчас прыёму грамадзян. Падрабязна Аляксандр Харавец.

Амаль 30 гадоў жыхары гэтага дома хаваюць вёдры і тазы у кладоўку толькі падчас сонечнага надвор'я. І адразу бяруцца за аклейванне шпалер і пабелку столі. Аднак, па словах Станіславы Арлоўскай, доўга любавацца свежым рамонтам не атрымліваецца.

Чарговы зварот да камунальнікаў, паводле слоў жыхароў, як правіла, заканчваўся толькі лакальным латаннем дзірак на даху.

Мы вырашылі праверыць, як на самай справе выглядае дах гэтага дома. Аднак літаральна перад прыездам нашай здымачнай групы ўваход туды апячаталі. Парушаць закон мы не можам. Зрэшты, аб тым, што робіцца на самым версе, можна здагадацца па гэтых разводах на столі ў пад'ездзе.

У руках Станіслава Мацецкага сцэнарый цэлага камунальнага блокбастара. У апошнім афіцыйным адказе чыноўнікі усё ж паабяцалі зрабіць капітальны рамонт даху. Аднак толькі ў лістападзе – у самую дажджлівую пару.

Людзей гэты факт збянтэжыў. Па-першае, такі рамонт калі і будзе, то расцягнецца да сярэдзіны зімы. Акрамя таго, падчас восеньскіх дажджоў ёсць імавернасць патопу не тое што трэцяга - першага паверха. Таму са сваёй праблемай людзі сёння прыйшлі на асабісты прыём да губернатара вобласці. Анатоль Ісачанка паабяцаў у самы кароткі тэрмін закрыць “мокрае” пытанне.

Сёння губернатар Мінскай вобласці выслухаў праблемныя пытанні яшчэ 11 жыхароў Маладзечна і раёна. Людзей хвалююць пытанні рамонту дарог, афармлення зямельных надзелаў і прыватызацыя нерухомасці. Некаторыя з пытанняў вырашыліся на месцы. Іншыя кіраўнік цэнтральнага рэгіёна узяў на асабісты кантроль.