Важны дыялог у Год гістарычнай памяці. Губернатар Мінскай вобласці сёння сустрэўся з воінамі-інтэрнацыяналістамі цэнтральнага рэгіёна. Падчас размовы асаблівую ўвагу надалі сацыяльнай падтрымцы ветэранаў вайны ў Афганістане. Абмеркавалі, у тым ліку, грамадска-палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя пытанні. А таксама важнасць патрыятычнага выхавання моладзі. Як падкрэсліў Аляксандр Турчын, у ваенных людзей вялікі жыццёвы вопыт, вытрымка і аўтарытэт. І менавіта ім як сапраўдным патрыётам варта самім праводзіць у школах урокі мужнасці. Захаванню гістарычнай спадчыны надаецца вялікая ўвага і кіраўніцтвам Мінскай вобласці. У планах - стварэнне новага музея ў Хатыні, да будаўніцтва якога далучыцца і моладзь.
Адзначым, сёння толькі ў Мінскай вобласці пражываюць больш за тры тысячы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Губернатар Мінскай вобласці паабяцаў праводзіць такія сустрэчы з ветэранамі рэгулярна.













