Губернатар Мінскай вобласці разгледзеў каля дзясятка пытанняў ад жыхароў Бярэзінскага раёна

23 января 2019

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Бярэзінскага раёна і праблемныя пытанні ад жыхароў у цэнтры ўвагі кіраўніцтва Мінскай вобласці.

Падчас асабістага прыёму губернатар Анатоль Ісачанка разгледзеў сёння каля дзясятка пытанняў, большая частка - жыллёва-камунальная тэма. Жыхары аднаго з дамоў паскардзіліся на вільгаць і цвіль у кватэрах. Памяшканні рамантавалі самастойна, але ў будынку, якому больш як паўстагоддзя, працякае дах. Тэрмін капітальнага рамонту, згодна з планамі, 2020. Улічваючы, што большая частка жыхароў дома - пенсіянеры, пражываюць інваліды, губернатар прыняў рашэнне аб дадатковым фінансаванні, каб адрамантаваць дом ужо сёлета.

Практыка выязных прыёмаў грамадзян эфектыўная - многія пытанні вырашаюцца на месцах. Такія сустрэчы са старшынёй Мінаблвыканкама будуць праходзіць на працягу ўсяго года. Чарговы прыём грамадзян плануецца 5 лютага.