Групу беларускіх медыкаў плануюць накіраваць у Кітай для вывучэння каранавіруса

30 января 2020
Аб гэтым паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Напярэдадні на аэрадроме ў Мачулішчах ён праводзіў борт з гуманітарным грузам у Пекін. Такое супрацоўніцтва будзе карысным для нашых спецыялістаў. Зараз ідзе працэс узгаднення візіту. Таксама чакаем збору кітайскімі экспертамі неабходнага аб'ёму інфармацыі і іх гатоўнасці да абмену меркаваннямі.

Уладзімір Каранік, міністр аховы здароўя Беларусі: "Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне выезду кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя і вядучых экспертаў Беларусі ў Кітай для ацэнкі сітуацыі і абмену меркаваннямі. На сённяшні момант вірус не вывучаны ў дастатковай ступені. У нашых спецыялістаў ёсць вельмі вялікі вопыт барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі".

Борт з гуманітарнай дапамогай вылецеў у Кітай 

Гуманітарны груз ад Беларусі - а гэта каля 20 тон лекаў і медыцынскіх вырабаў - вылецеў у Кітай напярэдадні па распараджэнні Прэзідэнта. Суправаджае груз каманда МНС і наша здымачная група. Бліжэй да поўдня борт павінен прыляцець у Пекін. А вернецца ён на радзіму 2 лютага. Падрабязнасці гуманітарнай місіі ў нашых наступных выпусках.