Гродна на два дні стане магічнай сталіцай Беларусі

20 февраля 2016

У горад над Нёманам з'язджаюцца чараўнікі, ілюзіяністы, фокуснікі і майстры ментальнай магіі. На трэці Міжнародны фэст фокуснікаў, паводле падлікаў арганізатараў, прыехалі каля 100 прафесіяналаў гэтага незвычайнага жанру. Госці з краін СНД, Азіі і Заходняй Еўропы не толькі пакажуць свае новыя нумары, але і гатовыя самі навучыць, як дастаць труса з капелюша. Менавіта дзеля гэтага ў абласным цэнтры сёння арганізавалі, бадай, самы небанальны за ўвесь час семінар - па мастацтве чараўніцтва.

Мікалай Нардзі, арганізатар міжнароднага фэсту фокуснікаў Magic show: "Галоўная мэта фэсту, каб маладыя фокуснікі і ўсе астатнія, хто прыехаў сюды, натхніліся працай мэтраў ілюзійнага жанру, якіх мы запрасілі з розных краін. Гэтым разам у нас з Францыі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі, Беларусі".

Як адзначаюць гледачы, фэст стаў новым брэндам для Гродна, які зараз у аб'яўлены ў краіне Год культуры асабліва прыцягвае гасцей. Паміж тым, пасля семінару па чараўніцтве адбудзецца галоўная падзея - гала-канцэрт фокуснікаў. Шматлікія нумары, дарэчы, заслужылі хвалу калегаў па цэху і за акіянам.