Надзея Цёмкіна прыйшла ў цэнтр вакцынапрафілактыкі разам з маці, дачкой і мужам. Прышчэпкі ад грыпу ўсёй сям'ёй робяць кожны год. А зусім хутка ў іх кампаніі стане на аднаго смельчака больш.
Паводле слоў спецыялістаў, першую ў жыцці прышчэпку ад грыпу малы можа атрымаць ужо ва ўзросце шасці месяцаў. Якасць жа любой вакцыны ад краіны-вытворцы, будзе гэта Кітай, Францыя, Нідэрланды або Расія, не залежыць - тэхналогія яе атрымання ва ўсіх выпадках аднолькавая.
Аксана Таранава, загадчыца Мінскага гарадскога цэнтра вакцынапрафілактыкі: Усе вакцыны, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні кампаніі вакцынацыі ў нашай краіне, праходзяць абавязковую рэгістрацыю, падчас якой здзяйсняецца экспертыза на адпаведнасць крытэрыям якасці і эфектыўнасці. Для вакцынацыі выкарыстоўваюцца толькі тыя вакцыны, якія адказваюць гэтым патрабаванням.
Ад краіны-вытворцы залежыць толькі кошт уколу здароўя. Як правіла, за ўстойлівы імунітэт супраць грыпу беларусы плацяць ад 100 да 140 тысяч рублёў. І як ні дзіўна, усміхаюцца спецыялісты, па прышчэпкі часцей за ўсё прыходзяць жанчыны, чым мужчыны.
Вакцына ўяўляе сабой толькі часцінкі грыпу, а не сам вірус, як гэта звычайна лічаць. Яны ж, трапляючы ў кроў чалавека, прымушаюць арганізм выпрацоўваць антыцелы. Гэтыя найразумнейшыя абаронцы імунітэту запамінаюць структуру віруса і ў далейшым могуць з лёгкасцю распазнаць яго і адпаведна знішчыць.
Па такой схеме імунітэт чалавека пачне працаваць толькі праз тры тыдні. Але гэтага часу хопіць: у нашай краіне эпідэмія чакаецца толькі напрыканцы студзеня - пачатку лютага наступнага года.
Адзіны нюанс - супрацьпаказанні. І ў выпадку з вакцынацыяй ад грыпу яны таксама ёсць. Гэтае абвастрэнне любых хранічных захворванняў, прастуда (прыйдзецца пачакаць яшчэ дзесяць дзён пасля выздараўлення) і алергія на бялок курынага яйка. Ва ўсіх астатніх выпадках не тое, каб можна - рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя.
Іна Карабан, намеснік начальніка аддзела Міністэрства аховы здароўя Беларусі: Сёлета ў нас запланаваная вакцынацыя больш як 40% насельніцтва. У цэлым, калі ў калектыве прышчапляецца больш як 70% людзей, то перарываецца шлях перадачы віруса грыпу і астатнія людзі ў гэтым калектыве не захворваюць.
У калектывах жа ЗША, напрыклад, вакцынацыю атрымліваюць практычна ўсе. У адваротным выпадку, калі высветліцца, што захварэўшы не быў прышчэплены, страхавая кампанія бальнічны проста не аплаціць. І гэта замацавана на ўзроўні заканадаўчым. У нас жа магчымасць не заўважыць эпідэмію пакуль носіць рэкамендацыйны характар.














