Гранты Прэзідэнта дадуць работнікам у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры

8 января 2019

Важнае рашэнне па падтрымцы адораных спецыялістаў. Гранты Прэзідэнта Беларусі атрымаюць больш за сотню работнікаў у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры. Адпаведнае распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Сродкі пойдуць на правядзенне даследаванняў і распрацовак у галіне фізікі, біялогіі, хіміі, сельскай гаспадаркі, у тэхнічнай сферы. Гранты таксама накіруюць на павышэнне якасці навучання навучэнцаў і студэнтаў. Будзе падтрымана распрацоўка новых метадаў дыягностыкі і лячэння ў медыцыне. Акрамя таго, грошы выдзеляць на стварэнне твораў мастацтва і правядзенне відовішчных мерапрыемстваў, якія спрыяюць прасоўванню нацыянальнай культуры. Яшчэ адно падпісанае Аляксандрам Лукашэнка распараджэнне тычыцца маладых талентаў. Са сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі заахвоцяць амаль 230 прадстаўнікоў творчых калектываў. Ім будуць прысуджаны стыпендыі, прэміі, аказана матэрыяльная дапамога. Акрамя таго, выдзелены гранты на арганізацыю і правядзенне рэспубліканскай выставы мастацкіх твораў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, рэалізацыю творчага праекта "Музычная спадчына Радзімы".