Грандыёзнае свята міленіуму завяршылася ў Брэсце

9 сентября 2019
На тры дні горад ператварыўся ў пляцоўку адной вялікай падзеі. Там прайшлі карнавал, парад аркестраў, водна-светлавое шоу і відовішчныя фестывалі. Якім быў апошні дзень урачыстасці? Рэпартаж Марыі Тройніч. 

Свята  на зямлі і ў небе: у дзень нараджэння ў Брэсце прайшоў фестываль паветраных змеяў

Над горадам узняліся дзясяткі яркіх мадэляў. Большасць з іх удзельнікі змайстравалі самі. Падчас ветранага надвор'я змеі ўзлятаюць у неба адзін за адным. Пад аблокамі можна было ўбачыць мадэлі ў выглядзе птушак і самалётаў, але больш за ўсё было канструкцый з сімволікай роднага горада. 

Па-сапраўднаму ярка было і ў гарадскім парку. Там зладзілі фестываль фарбаў. Усіх, хто  жадаў, абсыпалі рознакаляровымі парашкамі. Яны лёгка змываюцца з адзення  і скуры. Не менш яркімі былі і эмоцыі.

Адна з самых доўгачаканых падзей свята - парад аркестраў

Па цэнтральнай вуліцы Леніна прайшлі строем 11 калектываў з краін СНД. Кожны прывёз у Брэст свае кампазіцыі. А пад заслону вялікай урачыстасці ў тэатры драмы адкрыўся міжнародны фестываль "Белая Вежа". Свае пастаноўкі прывезлі калектывы з 13 краін свету. Сярод іх Францыя, Арменія, Балгарыя і Грузія. Форум праходзіць ужо  24 раз, і сёлета ў яго святочны фармат. На яго запрасілі тэатры з гарадоў - пабрацімаў Брэста.

Адкрылі форум традыцыйна беларускай класікай

Нацыянальны акадэмічны тэатр з Віцебска паказаў пастаноўку "Сымон-музыка" паводле  паэмы Якуба Коласа. А пасля гледачоў здзіўлялі акцёры з Украіны. Вулічныя пастаноўкі  самыя відовішчныя. Львоўскі тэатр прывёз у Брэст сапраўднае агністае шоу. Полымя тут - галоўны герой і гарыць на працягу ўсяго спектакля. 

І хаця афіцыйна ўрачыстасць скончылася і ўсе фанфары адгрымелі, атмасфера свята яшчэ будзе панаваць у Брэсце. Тэатральны фестываль будзе праходзіць да канца тыдня.