Рыхтуюць да свята помнікі і мемарыялы ў Маладзечне

25 Красавіка 2015

Тут у гады вайны размяшчаўся канцлагер, дзе загінулі 33 тысячы 150 чалавек. Зараз на гэтым месцы бетонны мемарыяльны комплекс і тысячы імёнаў загінуўшых на яго сценах. Ёсць у горадзе і мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў. Невялікія помнікі ў гонар Вялікай Перамогі – у наступным сюжэце.

Расказвае Наталля Кезік.

Мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў у Маладзечне - галоўны гарадскі помнік – размешчаны на цэнтральнай алеі гарадскога парка. З ускладання кветак ля падножжа тут пачынаюць усе гарадскія святы і мітынгі. А маладыя абавязкова ўскладаюць кветкі.

Праз 4 гады пасля вайны ў Маладзечне заклалі парк Перамогі. А амаль праз 40 гадоў узвялі і галоўны мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў. Падчас вайны размяшчаўся ў Маладзечне і канцэнтрацыйны лагер. На гэтым месцы зараз - помнік ахвярам фашызму Шталаг 342. На невялікім кавалку зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі 33 тысячы 150 чалавек.

Устанаўліваць імёны загінуўшых вязняў 28 гадоў таму пачаў атрад школьнікаў «Пошук». Дзякуючы руплівасці зараз на мармуровых плітах імёны 1546 чалавек.

Акрамя штучных кветак тут размешчаны і чугунныя ружы. А іх бутоны глядзяць у неба. Кветкі сімвалізуюць самае вялікае жаданне кожнага вязня – прагу да святла і свабоды.

Мемарыяльны комплекс на месцы былога лагера з'явіўся 20 гадоў таму. Праект архітэктары распрацоўвалі адпаведна з гістарычнымі дакументамі. Шталаг 342 – бетонны будынак без даху і падлогі з траншэямі і калючым дротам. Менавіта так у гады вайны і выглядаў канцлагер, толькі сцены былі драўлянымі.

У мінулым годзе школьнікі знайшлі сваякоў яшчэ 300 вязняў. Да мемарыяльнага комплексу кожны год прыязджаюць госці з усіх краін свету, каб ушанаваць памяць сваіх дзядоў і прадзедаў, якія доўгі час значыліся як прапаўшыя без вестак. Пры гэтым школьнікам тут ёсць над чым папрацаваць – у спісе вязняў Шталага 342 яшчэ шмат невядомых імёнаў.