Рыхтаваць маладых наватараў будуць дапамагаць цэнтры пазашкольнай занятасці

24 февраля 2015

Тут хлопцы змогуць займацца з ранняга ўзросту і ўжо разумець, на карысць якой прафесіі зрабіць свой выбар. Так, адным з прыкладаў дадатковай адукацыі з'яўляецца лабараторыя атамнай энергіі. Тут змогуць займацца школьнікі, якія ў будучыні мараць працаваць, дарэчы, на Беларускай АЭС. У цэлым жа па краіне плануюць адкрыць больш гурткоў па напрамках, у якіх асабліва мае патрэбу эканоміка.

Усе падрабязнасці ў Кацярыны Шыбко. Мадэляванне любой няштатнай сітуацыі на АЭС, кантроль радыяцыйнага фону і вывучэнне работы атамнага рэактара ў мініяцюры. У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці стварылі лабараторыю па атамнай энергіі. Тут у вольны ад вучобы час будуць займацца школьнікі, якія цікавяцца мірным атамам і мараць у будучыні працаваць на Беларускай АЭС.

Сяргей Сачко, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці: "Тут у нас ужо адлюстраваная атамная электрастанцыя, якая будзе пабудаваная ў Рэспубліцы Беларусь. З дапамогай планшэта ў 3D фармаце вырастае атамная станцыя ў цэлым і ўсе яе блокі".

Гэта значыць, ужо з ранняга ўзросту хлопцы будуць разумець, з чым ім давядзецца сутыкнуцца ў прафесіі, а таму свядома зробяць свой выбар пры паступленні.

Такіх інфармацыйных цэнтраў па атамнай энергіі ў свеце ўсяго 21. Гэта новы падыход у падрыхтоўцы будучых кадраў. Акрамя гэтага, пазнаёміцца з мірным атамам можа кожны, хто жадае, - прама ля ўваходу ў цэнтр вось такі інфармацыйны кіёск. Тут у анлайн-рэжыме можна даведацца пра апошнія навінкі ў сферы атамнай энергетыкі, паглядзець, дзе знаходзяцца АЭС свету, і нават зрабіць па іх віртуальную экскурсію. У дадзеным выпадку тур па Калінінградскай АЭС.

Лабараторыя атамнай энергіі - гэта толькі адзін з прыкладаў, калі дадатковая адукацыя выконвае функцыю прафарыентацыі вучня. Зараз, заяўляюць у Міністэрстве адукацыі, да гэтага павінны імкнуцца ўсе цэнтры занятасці дзяцей і моладзі. Гэтае пытанне напярэдадні абмяркоўвалі спецыялісты. На пасяджэнні нават прагучала прапанова выдаваць дакумент аб атрыманні дадатковай адукацыі.

Віктар Якжык, намеснік Міністра адукацыі Беларусі: "Мы будзем разглядаць пытанне наконт выдачы сертыфіката аб атрыманні дадатковай адукацыі на павышаным узроўні і далейшы ўплыў гэтага дакумента на атрыманне профільнай адукацыі".

Па сутнасці гэты сертыфікат можа стаць рэальным бонусам пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ. Пакуль, праўда, гэта далёкая перспектыва. У планах блізкіх - наладзіць сістэму дыстанцыйнага навучання ў некаторых гуртках і секцыях.

Паводле статыстыкі, кожны другі беларускі школьнік наведвае цэнтры пазашкольнай занятасці. У асноўным творчыя. Менавіта таму ў Міністэрстве адукацыі плануюць зрабіць стаўку ў тым ліку і на гурткі тэхнічныя. Гэта дапаможа вырашыць праблему недахопу прафесійных кадраў у гэтай сферы. Бо калі хобі становіцца ў выніку любімай працай, пытанне наконт некампетэнтнасці спецыяліста, напэўна, недарэчнае.